ШРОДЭР ЗУСІМ СКРУЦІЎСЯ

26 лютага 2009 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра былога канцлера ФРГ Шродэра. Габрэйскія арганізацыі і шэраг палітыкаў Нямеччыны пратэстуюць супраць візыту Шродэра ў Іран. Шродэр прыехаў туды як прадстаўнік расейскага “Газпрома”. Крытыкі лічаць сустрэчы Шродэра з цяперашнім прэзыдэнтам Ірана Ахмадзінэжадам падтрымкай яго перад блізкімі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Іране. У той жа час Ахмадзінэжад адкрыў іранскую АЭС, якую пабудавалі расейцы. Расейская газэта “Коммерсант” напісала: “Шродэр — агент уплыву “Газпрома”. Вядома, што ў Тэгэране Шродэр пераконваў іранскае кіраўніцтва адмовіцца ад удзелу ў праекце Эўразьвязу па пабудове газаправоду “Набука”, які выведзе Эўропу з залежнасьці ад Расеі. Шродэр заклікаў Іран далучацца да расейскай праграмы газаправоду “Паўднёвая плынь”.

Наш камэнтар: Вось які яркі дзеяч расейскай палітыкі! Газавы Мілер яму ў падэшвы ня варты. Крамлёўскі лёкай Шродэр становіцца ўсё больш падобным на карыкатурны вобраз, створаны ў савецкім кіно пра вайну: савецкага грамадзяніна, які пайшоў служыць немцам. Толькі тут усё наадварот: адзін з нямецкіх палітычных лідэраў не саромеецца адкрыта служыць Маскве і яе інтарэсам. Аднак, ня гледзячы на пэўныя пратэсты ніхто ў Нямеччыне не зьбіраецца рабіць у адносінах да Шродэра рытуал астракізма і пакрываць ягонае імя заслужанай ганьбай. Клоўну ня сорамна, але за клоўнам стаяць сур'ёзныя нямецкія палітыкі, якіх цалкам задавальняе ягоная расейская палітыка, якая супадае з нямецкімі інтарэсамі (прынамсі ім так здаецца). Тое, што гэтая палітыка падрывае бяспеку Эўропы, гэтых немцаў не хвалюе. А мы былі зьдзіўляліся паводзінам Ганса Віка, які адкрыта здаваў Беларусь у расейскі палон. Ня трэба зьдзіўляцца, антынародная вось Масква-Берлін працягвае дзейнічаць.

Юрка Марозаў