ПРА ШТО ПІШУЦЬ У ДАНІІ
12 лютага 2009 г. Дацкая газэта “Information” апубілікавала артыкул пад тытулам “Пуцін хоча аднавіць СССР — з багаславеньня Абамы”. Да тэксту далучаны фатаздымак: Пуцін задаволена-гарэзьліва падміргвае Барозу. Дацкае выданьне абапіраецца на публікацыю ў расейскай “Новой газете”, дзе даюцца аптымістычныя ацэнкі найноўшых пазыцыяў Расеі, якая ўмацоўвае свае сфэры ўплываў. Закруціўшы венціль, Масква паказала і Штатам і Эўразьвязу сваю ключавую ролю ў забесьпячэньні энэрганосьбітамі. Україна пасьля гэтага канфлікту ўсё ня можа выйсьці з крызісу, што разгарэўся паміж урадам і прэзыдэнтам. Кыргызтан пад ціскам Масквы выдаляе з сваёй тэрыторыі ваенную базу ЗША. Расея зьбіраецца ставіць свае раекты “Іскандэры” ў Калінінградзкай вобласьці. На прыканцы, аднак, дацкая газэта спасылаецца на іншыя публікацыі ў расейскай прэсе, дзе гаворыцца пра жахлівае жыцьцё, разруху і пакуты людзей перш за ўсё на расейскай правінцыі.
Наш камэнтар: Як бачым, на Захадзе ўсё больш адэкватна ўспрымаюць агрэсіўныя прэтэнзіі Масквы, якая пнецца на ролю гаспадара сваіх былых савецкіх валадараньняў. Можна ўбачыць нават іронію ў назіраньнях датчанаў за гэтымі працэсамі. Галадраная, нецьвярозая, галодная імпэрыя выглядае са сваёй агрэсіяй дзіка ў вачах жыхароў маленькай цывілізаванай краіны.
Але заўважым вось яшчэ што. Ані маскоўскія аўтары, ані капэнгагенскія камэнтатары не згадалі пра апошнія ваенныя дамовы, заключаныя Масквой з антыбеларускім рэжымам. Маленькая Данія не заўважае расейскіх бамбавікоў і ракет, якія на некалькі сотняў кілёмэтраў па беларускай тэрыторыі наблізіліся да яе межаў. Зразумела, што пра гэта шырока ня пішуць у сваіх выданьнях расейскія СМІ. Крэмль захоўвае маўчаньне, спадзяецца, што гэтая антызаконная акцыя пройдзе незаўважанай для заходняга сьвету. І так пакуль атрымліваецца: вывад базы ЗША з вельмі далёкага Кыргызтану стаўся важнейшым ад таптаньня сувэрэнітэта эўрапейскай Беларусі маскоўскім кірзавым ботам. Чарговы акт сьлепаты заходняга грамадзтва.
Юрка Марозаў