“НЯХАЙ ЗАДУШАЦЦА СА СВАІМІ ВОЙНАМІ!”

15 лютага і за шэраг дзён да гэтай даты афіцыёз антыбеларускага рэжыму надрываўся ў СМІ: “Товарішчі, отпразднуем 20-летіе вывода советскіх войск із Афганістана!” Нават у Маскве даўно ўжо адмовіліся ад такога траскучага і цынічнага стылю на аўганскую тэму. Там таксама пазьбягаюць слова “праздновать”. А сапраўды, што зьбіраліся “отпраздновать” лукашысты? Круглую дату вялікай паразы савецкай арміі ад партызанскіх атрадаў змагарнага народу? Вечную ганьбу маразматычнага ЦК КПСС, які загнаў у далёкую краіну сотні тысячаў юнакоў на сьмерць і калецтва?

Вядома, што ў сьнежні 1979 г. жывыя трупы ў крамлёўскім ЦК разьлічвалі з лёгкасьцю захапіць і падпарадкаваць сябе экзатычную краіну, адсталую ў тэхналягічным сэнсе. Пытаньне моцы духу, народнай годнасьці і ваярскай традыцыі ніхто тады ў Маскве ўсур'ёз не разглядаў. У выніку саветы ўлезьлі ў зьнішчальную дзесяцігадовую вайну, якая стала адным з галоўных магільшчыкаў СССР.

Вульгарныя матэрыялісты забыліся, што аўганскія плямёны давалі дыхту пэрсідскаму шахіншаху, Аляксандру Македонскаму, Чынгіс-хану, Тамэрлану... (сьпіс можна працягваць). Па ўсім сьвеце адгукнулася ў свой час бліскучая перамога аўганскага народу над брытанскімі захопнікамі ў 1842 г. З акупаванай Індыі брытанцы імклівым манэўрам захапілі Кабул і зьбіраліся разбудоўваць чарговую азіяцкую калёнію. Аднак, ужо праз некалькі тыдняў жыцьцё акупантаў зрабілася невыносным і яны пачалі адступленьне-эвакуацыю. На “провады” незапрошаных гасьцей сабраліся ўсе мужчыны краіны. У гарах яны расстрэльвалі і секлі шаблямі брытанскія шыхты, палонных ня бралі. З 30-тысячнай арміі да Індыі дабраўся жывым адзін чалавек... На працягу 19 ст. у каланіяльную канкурэнцыю ў Аўганістане з Брытаніяй гулялася Расея. Нічога з гэтага не атрымалася. Пасьля бальшавіцкага перавароту Масква паслала ў Кабул сваю агентуру з сярэдняазіяцкіх бальшавікоў-рамантыкаў. Аўганцы паслухалі іхныя прамовы (“Бога нет, товарищи! Все — в колхозы!”) і хуценька паставілі іх да сьценкі. Яшчэ адной “саюзнай рэспублікі” не атрымалася.

Новая саўдэпія на працягу 70-х гадоў арганізавала ў Аўганістане некалькі крывавых дзяржаўных пераваротаў. Спачатку быў ліквідаваны рэжым караля Дауда (1973 г.), а ў красавіку 1978 г. разгромлены рэжым пляменьніка былога караля прэзыдэнта Дауда. Але маскоўскія марыянэткі пачалі актыўна зьнішчаць адна адну і аддаляцца ад Масквы. Тады Крэмль вырашыў паслаць у Аўганістан войскі. Даволі даўно ўжо апублікаваны многія дэталі штурма прэзыдэнцкага палацу ў Кабуле, што адбыўся ў ноч з 26 на 27 сьнежня 1979 г. Там савецкія (спэцназаўцы з Масквы) стралялі ў савецкіх (якія ахоўвалі марыянэтку Ідзі Аміна ў палацы). Але толькі нядаўна быў публічна прызнаны факт жудаснага прарыву праз савецка-аўганскую мяжу ў апошнія дні сьнежня 1979 г. Масква кінула ў наступ некалькі дзесяткаў тысячаў вайскоўцаў. Часткі былі сабраны зусім выпадковыя, жаўнеры першых месяцаў службы, афіцэры без горнай падрыхтоўкі. Усё без адпаведнай падтрымкі артылерыі і авіяцыі. Аўганцы зьнішчылі ў гэтыя дні тысячы савецкіх. Вядома, што з тых першых баёў і да апошняга дня беларусы заўсёды былі ў самых небясьпечных і страшных месцах вайны. Вядома, што цяперашняя прапаганда спрабуе зьменшыць статыстыку беларускіх стратаў той вайны. Гісторыкам належыць глыбока дасьледваць гэтую тэму. Але галоўная выснова з аўганскай трагедыі для беларусаў наступная... Ніколі не ваяваць за Маскву і яе інтарэсы! Няхай Крэмль задушыцца са сваімі войнамі!

Янка Базыль