“МОСКОНЦЕРТ” У ПАТСДАМЕ
31 студзеня 2009 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” пішсала пра публічны выступ былога канцлера ФРГ Шродэра ў Патсдаме. Спачатку газэта прыгадвае, як шмат крытыкавалі ў ФРГ Шродэра, які заўсёды бараніў Расею. А Расея і вайну супраць Грузіі пачала, і Шродэра на працу ў “Газпром” уладкавала, і правы чалавека парушае. Шродэр выступаў доўга. Але рэпарцёру запомніліся ягоныя наступныя тэзісы. “Трэба даць Расеі час”; “Нямеччыне патрэбны газ, а Расеі патрэбныя пакупнікі газу” і “Працэсамі ў сьвеце павінна кіраваць тройка: ЗША, Эўразьвяз і Расея”.
Наш камэнтар: Шродэр даўно ўжо зрабіўся падобным на гастралёра-балалаечніка. Прычым са сваёй балалайкай ён упісаны у штат “Москонцерта”. У Патсдаме ён доўга разважаў пра недэмакратычную мінуўшчыну Расеі. Падобна на Брэжнева, які на поўным сур'ёзе заявіў у 1982 г.: “Нам досталось тяжёлое наследіе царізма...” Значыць, трэба яшчэ “даць час”. Час на што? Арыгінальна ён выказаўся таксама наконт кіраваньня сьветам. У сусьветнай дырэкторыі не хапала толькі галадранай Масковіі. Дзіўна, што жудасны разбуральны крызіс у Расеі (аб якім учора ўпершыню публічна прызналіся ў расейскай Дзярждуме) для Шродэра як бы не існуе. Што ж, партайгэносэ на працы. Трынькае на струнах няхітрага рускага інструмэнта.
Можа ён спадзяецца на цуд у Патсдаме, дзе ўсё нагадвае аб Фрыдрыху Вялікім? У 1761 г. сюды прыскакаў гончык з Пецярбурга і паведаміў разгромленаму ў Сямігадовай вайне Фрыдрыху, што расейская царыца Елізавета памерла, а новы цар шчыра выбачае Прусію.
Алесь Хадасевіч