ЦЯЖКІ ЧАС
Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы “беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб'ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап — русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва.
Сто гадоў каласальнай вынішчальнай дзейнасьці Масквы мелі вынікі; разбуральнікі прывялі, так бы мовячы, у контурны стан схему гістарычнага зьнішчэньня Літвы. На канец ХІХ стагоддзя была цалкам ліквідавана беларуская школа, асьвета і адукацыя, была цалкам забаронена беларуская (ліцьвінская) мова ў афіцыйным ужытку. Народ страціў сваю рэлігію (Вунію), сваю асьвечаную эліту (набілітэт) і сацыяльныя вярхі, назву краіны і назву сябе.
І тады настала ноч. Падкрэсьліваю, “ноч” настала тады, калі людзі забыліся, як называюцца. Жыла вялікая народная культура, традыцыі, у масе сялян і мяшчан гучэлі старажытныя прыўкрасныя песьні, паўсюдна гучэла вялікая прыгожая мова, зямлю насялялі лагодныя сьветлыя людзі, якія ў большасьці не маглі ўжо адказаць на першаснае пытаньне: хто яны ёсьць. Менавалі сябе “тутэйшымі”, “мужыкамі”, “палешукамі”, “каталікамі” і г. д. — гэта быў далейшы шлях у магілу.
Беларускае (літоўскае) нацыянальнае адраджэньне, як і ў цэлым у Эўропе, узьнікала на этнічнай аснове. Быў скарыстаны новы кансалідацыйна-этнічны тэрмін “Беларусь”, які напачатку з цяжкасьцю засвойваўся ў цэнтральных і заходніх тэрыторыях ВКЛ, дзе ён раней, практычна, не існаваў, але ўжо на пачатку ХХ стагоддзя новая назва стала ўсеагульнай. Посьпех новай кансалідацыі быў хуткі і выніковы.
9 сакавіка 1918 года было аб'яўлена аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 Сакавіка прадэкляравана яе незалежнасьць. БНР, фактычна, прадэкляравала аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў межах пасьля 1569 года (акрамя былой Жмудзі, якая ў лютым таго ж 1918 года аб'явіла пра стварэньне незалежнай дзяржавы “Літвы”). Для Беларусі адчыніліся выдатныя пэрспэктывы аднаўленьня дзяржаўнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Здавалася, яшчэ крок — і здарыцца Боскі цуд, адродзіцца справядлівасьць гісторыі.
Што адбылося ў сапраўднасьці — вядома. БНР разарвалі, падзялілі, расчлянілі па частках. Прытым, заўважце, зроблена гэта, як і ў XVIII стагоддзі, — тымі ж чужымі сіламі, плюс памылковая палітыка толькі што адноўленай Польшчы.
Справядлівасьць мы адрадзілі толькі 25 жніўня 1991 года, калі малымі сіламі (у асноўным БНФ, але пры падтрымцы народа), удалося ня толькі вярнуць рэальную незалежнасьць Беларусі, але і закласьці асновы будаўніцтва незалежнай дзяржавы.
Дык у чым жа “Беларуская трагедыя”? Яна ў пэрманэнтна страчаным часе, у страчаным, скрадзеным, абрабаваным, адабраным беларускім часе незалежнага і вольнага разьвіцьця. Адсутнасьць гэтага часу загамавала, затрымала наш нацыянальны рух і, галоўнае, — не дазволіла сінтэзаваць у сьведамасьці пакаленьняў мінулае і цяперашняе, новае і гістарычнае, Літву і Беларусь, Вялікае Княства і Рэспубліку Беларусь. Сінтэз мусіць мець ня толькі сутнаснае (мастацтва, гісторыя, навука, культура і г. д.) але, перш за ўсё, фармальнае выяўленьне ў Канстытуцыі, сымвалах і ў назве краіны (якая можа стаць поўнай і кароткай з дадаткам, сутнасным азначэньнем і г. д.).
Жыцьцё не стаіць на месцы. У 1918 годзе стартавалі вольная Польшча, Беларусь, Летува, Латвія. Нашыя вольныя суседзі пайшлі наперад у сваім нацыянальна-культурным разьвіцьці. Для беларусаў жа час спыніўся на 73 гады, і ня толькі спыніўся — быў адкручаны назад у “тутэйшасьць”, у “мужыкоў” праз вынішчэньне і мільёны ахвяр. Ніхто ня стаў чакаць, пакуль мы ўваскрэсьнем, і кожны з суседзяў патрактаваў нас, нашу “бясхозную” гісторыю і культуру так, як лічыў сабе зручным. Пад бальшавіцка-маскоўскай акупацыяй забаронена было ўсё: і ВКЛ, і Вунія, і БНР, і Адраджэньне. Нават словы гэтыя былі забароненыя і лічыліся “ілжывымі” буржуазно-националистическими терминами”.
25 Жнівень 1991 года — гістарычны паварот у лёсе Беларусі. За тры гады, нават ня маючы народнай улады, краіна стала падымацца з каленяў, пачало разьвівацца нацыянальнае мастацтва, тэатр, літаратура, імгненна адрадзілася беларуская школа, беларуская гістарычная навука, паўсюдна годна загучэла беларуская мова.
Зь ліпеня 1994 года — унутраная акупацыя ўлады ў Беларусі (пры падтрымцы Расеі) прамаскоўскімі сіламі, антынацыянальная палітыка, антыбеларускі рэжым, аўтарытарная дыктатура. Зноў вынішчэньне ўсяго беларускага, зноў ліквідацыя беларускіх школаў, сымвалаў, фальсіфікацыя гісторыі, задушэньне мовы. Зноў спынены і страчаны час нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Прытым Беларусь ня тое што спынілі на мэнтальным узроўні 1994 года, не — яе апусьцілі глыбока ў 80-я, у СССР, на ўзровень эпохі маразму позьняга Брэжнева.
Нашыя меншыя суседзі ўжо даўно ў НАТО, у Эўразьвязе, у Шэнгенскай дамове, у цывілізаваным сьвеце, у нацыянальным вобліку і спосабе жыцьця.
А мы.., дзе мы? Вось што азначае трагедыя страчанага часу, якая сталася трагедыяй Беларусі.
Я называю гэта трагедыяй, бо трагедыя — гэта такая зьява, якая заканчваецца перамогай духу. Перамога народнага духу ня дасьць нам загінуць. Спыніцца сізіфаў залом. У цяжкім часе, у якім мы цяпер жывём, адна з задачаў здаровых і жывых людзей — спрыяць нацыянальнаму захаваньню і ўзвышэньню народнага духа.
Гэты “цяжкі час”, відаць, стане імем назыўным, бо мы ніколі ня мелі яшчэ ўнутранай акупацыі, унутранага антыбеларускага рэжыму. Гэта зьява фармальна новая для грамадзтва, і шмат хто на сёньняшні дзень ня можа зразумець, што адбываецца, чаму гэты рэжым зьвязаўся з Масквой, нішчыць мову, культуру, гандлюе суверэнітэтам і душыць народ. Але і ня ў гэтым яшчэ справа. Мы, беларусы, нават у самыя змрочныя часы, калі нас расстрэльвалі тысячамі, адбіралі зямлю ды везьлі ў Сібір, мы ніколі дагэтуль не перажывалі нацыянальнай ганьбы, роспачы за сваё бясьсільле, за апатыю і прыніжэньне, сораму за тое, што робіцца ў нашым доме. Яшчэ ніколі ніхто гэтак гнюсна і подла, нахабна, штодзённа не пляваў нам у твар.
Гэты час ня мінецца, відаць, бяссьледна. Мы павінны будзем потым зрабіць захады на будучыню з праекцыяй на пакаленьні, каб ніколі тое, што ёсьць цяпер, не паўтарылася больш у Беларусі. Мы мусім потым зрабіць ня толькі палітычны, але й маральны, метафізічны аналіз зьявы, якая, зрэшты, ня новая ў сьвеце, калі да ўлады прыходзіць цемра, зло, якое ўсьведамляе сябе злом.
Прамаскоўскі рэжым на Беларусі ў чарговы раз прадэманстраваў людзям гэтак жа, як некалі антычалавечыя рэжымы ў Нямеччыне і ў Расеі, што адбываецца з грамадзтвам, калі да ўлады прыходзіць цемра, бескультур'е, перыфэрыйнае думаньне, асобы, апантаныя фобіямі і ідэямі-фікс. Тады дно робіцца верхам, і ўсё добрае, чыстае, сьветлае — глуміцца па вызначэньню.
Для беларускай нацыі і культуры гэта вельмі небясьпечны і надзвычай разбуральны рэжым якраз тым, што зьнішчэньне нацыянальнага духа, нацыянальнай вітальнасьці народа ёсьць ягонай палітыкай і мэтай, пагрунтаванай на маніякальнай падсьведамасьці аднаго чалавека, які апынуўся на вяршыні ўлады. Зададзенасьць гэтай мэты (ліквідацыі нацыянальнай тоеснасьці народа) вынікае ня толькі зь дзеяньняў і заяваў рэжыму, але і з наўпроставых выказваньняў галоўнага выканаўцы. 2-га сакавіка 2006 г., напрыклад, на так званым “усебеларускім сходзе” Лукашэнка заявіў перад усімі: “Я абараняю не сябе. Я ўжо наеўся гэтай улады. Для мяне вельмі важна паставіць моцную кропку ў гэтым жыцьці, каб нікому, хто прыйдзе пасьля мяне, не захацелася павярнуць назад краіну. Каб краіна ішла гэтай дарогай” і г. д. (Страшна нават уявіць, каб Беларусь засталася ў гэтым маразме — “ішла гэтай дарогай”.)
Палітыка цяперашняга рэжыму адкрыта антыбеларуская і простая, як сякера. Але людзі, якія ўжо страцілі нацыянальную тоеснасьць, ня ў стане (як ні дзіўна) відавочнае — бачыць. Як і сто гадоў таму, мы сутыкнуліся зь неабходнасьцю тлумачыць людзям простыя рэчы нашага ня толькі народнага, але і этнічнага існаваньня.
З гэтых “простых рэчаў” галоўным ёсьць вяртаньне ў сьведамасьць людзей страчанага першаснага, менавіта: трэба каб чалавек валодаў ацэначным вылучэньнем чужога і каштоўнасным усьведамленьнем свайго. Этнас, як вядома, не ўзьнікае, калі не існуе калектыўнага ўсьведамленьня сваіх і чужых, (альбо — ворагаў і сваіх). Адпаведна і нівеліроўка (асіміляцыя) этнаса магчыма толькі пасьля разбурэньня калектыўнай ацэначнай катэгорыі “чужых”. Не ўсялякая імпэрская палітыка дзейнічае сьведама на этнічным узроўні, але ўсялякая палітыка асіміляцыі накіравана на тое, каб разбурыць (зьмікшыраваць) гэтую мяжу пасьля разбурэньня культуры (зьнішчэньне мовы і культуры — першы этап прымусовай асіміляцыі).
Нацыянальная палітыка расейскай імпэрыі і яе клонаў (СССР, РФ) — гэта якраз самая што ні ёсьць гвалтоўная, дзікая русіфікацыя. За амаль дзьвесьце гадоў каляніялізму (асабліва за часы СССР) маскоўская палітыка на Беларусі пакінула свой сьлед. Насельніцтва і пакаленьне новай незалежнай Беларусі павінна б было як найхутчэй зразумець пэрманэнтную чужасьць і небясьпеку, якія зыходзяць ад расейскага імпэрыялізму. Гэтае веданьне абавязковае (зьяўляецца, як кажуць, катэгарычным імпэратывам) дзеля нармальнага існаваньня незалежнай Беларусі. Калі ўсьведамленьне “калектыўнага чужога” як пагрозы і крыніцы небясьпекі ня вернецца цалкам у палітыка-этнічную сьведамасьць беларусаў, тады застаецца і працягваецца параліч нацыі і неадэкватная рэакцыя на сваю нацыянальную сьмерць.
У часы расейскага генацыду 30-х гадоў мінулага стагоддзя гэта выявілася лапідарна даслоўна. Тысячы беларусаў, якіх расстрэльвалі ў Курапатах, казалі перад ямай, напоўненай трупамі, аднолькавую фразу — пыталіся ў катаў: “За што?” Ніхто зь іх не разумеў, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы гаварылі эўфэмізмамі (“ворагі народа” і т. п.). Многія, сьведкі расстрэлаў, зь якімі я гаварыў у 80-х гадах, зьдзіўляліся: “Ну, няхай бы (маўляў) немцы, а то ж свае”.
Ні мільёны замардаваных ды расстраляных беларусаў, ні сьведкі расстрэлаў так і не зразумелі, што адбылося, хто і чаму расстрэльваў. Гэта гісторыя, якая выклікае ў мяне здранцьвеньне.
Калі немцы (фашысты, значыцца) зьнішчалі габрэяў, то яны (габрэі) ведалі, “за што”. За тое, што габрэй. Ішлі ў газавыя камэры, як на ахвяру Апакаліпсісу. Халакост ускалыхнуў чалавецтва, згуртаваў усіх габрэяў. Трагедыя скончылася перамогай духа.
Тым часам у курапацкіх магільных ямах, на ўскапанай, палітай крывёю зямлі Курапатаў нашчадкі расстраляных беларусаў па сёньняшні дзень п'юць гарэлку, смажаць шашлыкі ды ламаюць крыжы.
Вось што такое нівеліроўка этнічнай сьведамасьці і нераспазнаньне чужых. Асьветніцкая задача дзейнасьці Народнага Фронту — дапамагчы суайчыньнікам разабрацца ў прычынах нашага людзкога нацыянальнага цярпеньня і сьмерці. У 1993 годзе я напісаў артыкул на гэтую тэму “Аб рускім імпэрыялізме і яго небясьпецы”. Матэрыял трапіў у “яблычка” — пачаўся ўсяленскі расейска-гэбісцкі лямант (напэўна, зямля паплыла ў іх з-пад ног). Ахвярам зьнялі павязку з вачэй, і русіфікатары запанікавалі.
Цяжкі час небясьпечны сваімі наступствамі. Кожны кароткі пэрыяд адраджэньня меў свае дасягненьні і свой уздым духа. Кожны доўгі пэрыяд нішчэньня народа пакінуў свае разбуральныя і часта — неаднаўляльныя руіны, але ў прынцыпе ўсё добрае, здольнае і жыцьцёвае можа мець працяг.
Савецкі пэрыяд акупацыі ліквідаваў селяніна-гаспадара, але пакінуў яшчэ беларускую вёску зь беларускімі школамі і насельніцтвам. Цяжкі час адмысловай палітыкі (аграгарадкі, калгасная сістэма, ліквідацыя асяродкаў адукацыі і культуры), практычна, ужо ліквідаваў і гэтую рэшту этнічнай крыніцы нацыі.
Цяжкі час — гэта ня толькі пасьлядоўнае вынішчэньне ўсяго беларускага, гэта ёсьць улада цемры і хамства, непавагі да чалавека, зьдзеку над сьветлым, чыстым і добрым. Цяжкі час — гэта масавае паталягічнае п'янства, гэта разбурэньне нармальнай лексікі, абніжэньне нораваў і культуры, страта весялосьці і добрых людзей. Гэта час панурага чалавека.
Безумоўна, міне гэты час, і ў памяці сьветлых пакаленьняў беларусаў ён застанецца як кур'ёз ці мо' як кашмарны сон, які непрыемна ўспамінаць; ці як прыклад таго, як нельга жыць, як нельга маўчаць, як нельга не шанаваць Беларусь і аддаваць уладу ў рукі чужых і цёмных людзей.
Гэты час яшчэ працягваецца, але ён ужо мёртвы, і толькі па інэрцыі коціцца ў дол. Наперадзе новая Беларусь. І нішто ня спыніць яе хады.
1 сакавіка 2009 г. Зянон ПАЗЬНЯК