ПАДЗЕІ Ў РПЦ-НКВД
28 студзеня 2009 г. Французкая газэта “Le Figaro” паведамяла пра абраньне новым патрыярхам РПЦ мітрапаліта калініградзкага і смаленскага Кірыла. Газэта піша: “Абраны адкрыты сьвету патрыярх...”
Наш камэнтар: Сфармулявана даволі дакладна. З 1989 г. Кірыл сапраўды вельмі актыўна і прафэсійна “адкрываў сьвет”, быў начальнікам зьнешніх зносінаў у Алексія ІІ. Добра памятныя ягоныя ўчынкі на гэтай ніве: актыўны ўдзел РПЦ ў антызаконнай авантуры па стварэньню “саюзнай дзяржавы РФ і РБ”, агрэсіўныя дачыненьні з Каталіцкім Касьцёлам (які заклікаў да хрысьціянскага братэрства), падпарадкаваньне белагвардзейскай “замежнай” РПЦ чырвонаармейскай маскоўскай РПЦ і шэраг іншага. Зразумела, што ўсё гэта тварыў далёка не сам Кірыл, займалася гэтым уся разгалінаваная структура РПЦ-КГБ (як казаў Ф. Дзяржынскі пра сваю кантору: “Мы — рыцарскі ордэн...”). Але менавіта Кірыл запомніўся многім (у адрозьненьні ад шэрагу іншых герархаў РПЦ). Сапраўды, асоба неардынарная. Заўсёды кідалася ў вочы ягоная бадзёрасьць і імпэт (тыповыя для адстаўных прафэсійных спартоўцаў). А ў вушы кідаўся ягоны запамінальны голас. Пры цары такім голасам крычалі перад шыхтамі есавулы: “Шашки нагол-о-о, рысью марш!” Пазьней такімі галасамі гукалі на камсамольскіх зьездах падстаўныя “хвалопевцы”: “Ленин, партия, комсомол!” Але справа не ў самым выглядзе і голасе. А ў тым, што гэта ёсьць зьнешняе выяўленьне сутнасьці асобы. Не выпадкова на трон усеўся правераны лубянскі кадр. Іншых у зьнешніх зносінах РПЦ ніколі не трымалі. Гэты Кірыл ня будзе ні з кім цырымоніцца. Яно ў прынцыпе й добра. Бадзёры 62-гадовы лубянец давядзе РПЦ да заслужанага канчатковага краху, пасьля якога народы пачнуць аднаўленьне нацыянальных праваслаўных Цэркваў.
Юрка Марозаў