БЕЛАРУСКІЯ ВЫСТАВЫ Ў АМЭРЫЦЫ

15 лютага ў Ню-Ёрку ў Беларускім музэі (па адрасу: 401 Atlantic Ave., Brooklyn, Сабор сьв. Кірылы Тураўскага) адбылося адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Аляксея Марачкіна і сустрэча з самым мастаком.

Аляксей Марачкін (Алесь Мара) — вядомы беларускі жывапісец, вольны мастак. Старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, першы старшыня мастацкай суполкі “Пагоня”. На выставе прадстаўленыя пэйзажы і партрэты, напісаныя апошнім часам. Прысутныя адзначылі мажорнасьць і сьветлы жывапісны каларыт твораў, прасякнуты часамі прыхаванаў настальгаяй па зыходзячым харастве. На вернісажы выступаў сам мастак, Алесь Вінакураў, Ганна Сурмач. Кароткі мастацтвазнаўчы агляд творчасьці А. Марачкіна зрабіў Зянон Пазьняк. Прысутнічала больш за 60 асобаў з Нью-Ёрка і Брукліна, а таксама госьці з Таліна і Менска: Юры Юркевач, Павел Марозаў, Алесь Шатэрнік і інш.

Перад гэтым, 12-га лютага, у Вашынгтоне ў штаб-кватэры German Marshall Fund of the United States адкрылася выстава беларускіх мастакоў “Мастацтва супраць дыктатуры”, а таксама адбылася дыскусія на тэму сытуацыі ў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары, дзеячаў культуры, дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Вашынгтоне, прадстаўнікоў дзяржаўных структураў і няўрадавых арганізацыяў ЗША.

“У Беларусі, нягледзячы на абвешчаную “лібэралізацыю”, становішча ў сфэры беларускай культуры і мовы не стала лепшым: драматычна памяншаецца колькасьць навучэнцаў на беларускай мове, дзеячы культуры, якія маюць крытычнае стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне, выцясьняюцца з авансцэны. Сытуацыя нічым ня лепшая, чым была ў Савецкім Саюзе, і працягвае пагаршацца”, — заявіў Алесь Марачкін.

Колькасьць удзельнікаў дадзенага мерапрыемства ўдвая перавысіла папярэдні прагноз. Прысутнічала больш за 60 чалавек, прадстаўнікі 13-ці дыпламатычных місіяў, акрэдытаваных у Вашынгтоне, прадстаўнікі Рады БНР, шмат маладых беларусаў ЗША і Канады.

Выстава “Мастацтва супраць дыктатуры” — гэта сумесны праект шэрагу беларускіх ініцыятываў дыяспары, які рэалізуецца пад эгідай Кангрэса новай дыяспары Эўропы і ЗША. Выстава складаецца з 30 працаў беларускіх мастакоў і скульптараў, і задуманая, як перасоўная экспазыцыя.

У выставе выстаўленыя працы Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнака, Генадзя Драздова, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік.

Раней выстава экспанавалася ў эстонскім парляманце, далей плянуецца яе паказ у Амэрыцы, Канадзе, Скандынавіі і іншых краінах. Арганізатарамі выставы выступілі супольнасьць “Трэці Шлях”, “Беларускі моладзевы рух Амэрыкі” і “Беларускі музэй у Нью-Ёрку”. Выстава стала магчымай пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID), German Marshall Fund of the United States, эстонскага НГА “Valgevene Uus Tee”, фонду “Адкрытая Эстонія” і іншых партнёрскіх арганізацыяў.

www.3dway.org www.belmov.org www.belmuseum.org

Мар'ян Ванькевіч