ТРАКТАТЫ З БАНКРУТАМІ.

30 студзеня на экранах тэлевізараў зьявілася заля паседжаньняў Дзярждумы Расеі. Думцы слухалі справаздачу ўраду. Пуцін не зьявіўся на гэтым паседжаньні, а прыслаў драбнейшых дзеячаў. Нам. прэм'ера Шувалаў сказаў у сваім дакладзе, што “гэты год будзе для нас “достаточно жёсткім періодом”. Цікава, што Шувалаў назваў і пэрыяд, калі пачаўся гэты крызіс — жнівень 2008 г. (мы памятаем — вайна супраць Грузіі). Яшчэ больш шчырым быў міністар эканомікі Кудрын. Ён сказаў, што на працягу 2009 г. будзе выдаткавана большая частка рэзэрвовага фонду, створанага за часы высокай кан'юнктуры на нафту. Слухаючы пра прагнозы блізкага банкрутства імпэрыі дэпутаты праявілі нечувальнае дагэтуль “аднадушша”. Ніхто ў зале не чытаў, як звычайна, газэткі. Ніхто не жартаваў і ня спаў. Ціхенька сядзеў генсек Зюганаў. Жырыноўскі ня біўся і не абліваўся мінэральнай вадой. На ўсіх тварах было напісана нешта такое, што бывае напісана ў вельмі драматычныя моманты гісторыі. Здавалася, думцы пачулі ад міністраў: “Товарищи! Враг у ворот Москвы. Всем обратиться к коменданту Кремля. Получить винтовку-трёхлинейку и пару гранат. Потом пройдём парадом около мавзолея и — на фронт...”. Упершыню “з высокай трыбуны” у Маскве прагучала нешта праўдзівае пра расейскую катастрофу. А ў той жа дзень у той жа Маскве падпісвалі з Крамлём трактаты пра “супрацоўніцтва, рынкі, банкі і адзіную эканамічную прастору” прадстаўнікі гаванскай і менскай хунтаў. Трактаты з кім? З маскоўскімі банкрутамі.

Янка Базыль