ПІЯРШЧЫКІ І ГЕРОІ

24 студзеня 2009 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” друкуе раней невядомыя здымкі з пахаваньня Яна Палаха. 30 гадоў таму, 25 студзеня 1969 г. малады пражскі студэнт спаліў сябе ў цэнтры Прагі на знак пратэсту супраць маскоўскай акупацыі сваёй радзімы. Дзесяткі тысячаў людзей ішлі за труной з целам героя.

Наш камэнтар: Адчайны ўчынак юнака глыбака ўсхваляваў чэхаславацкае грамадзтва. Людзі прышлі разьвітацца зь ім, не баючыся цемры прысутных гэбэшнікаў і стукачоў. Божай ласкай самаахвярны ўчынак Палаха не прапаў дарэмна. Праз дваццаць гадоў, у кастрычніку 1989 г. тысячы юнакоў і дзяўчат новага пакаленьня чэшскай моладзі пайшлі на ягоную магілу. З гэтага мэмарыяльнага акту ўзьнялося народнае рушаньне, якое на працягу некалькіх дзён зьмяло камуністычны прамаскоўскі рэжым.

Які кантраст з мітусьнёй малодшых падстаўных, новага пакаленьня вінцучкоў! У цэнтар увагі беларускага грамадзтва “незалежныя і дэмакратычныя выданьні” ставяць “палымяныя подзьвігі” Франака Вячоркі, які ўпарта адмазваецца ад службы ў Беларускім войску. Якая драбяза... Зразумелая задумка арганізатараў гэтай “пацыфіскай” піяр-акцыі. Тым самым яны дэманструюць нікчэмнасьць “оппозіціі” і запаўняюць ёю інфармацыйную прастору. Але ня ўдасца фальсіфікатарам абалваніць нашу моладзь і наша грамадзтва. Ёсьць сапраўдныя маладыя змагары, ідзе сапраўднае змаганьне за Беларусь. Жвавым клоўнам ня ўдасца запаволіць хаду беларускай перамогі.

Янка Базыль