КРЫЗІС ЯК МАГЧЫМАСЬЦЬ ПЕРАМЕНАЎ
(Ліст да сяброў Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
...У сувязі з крызісам сытуацыя, як бачым, спрасьцілася, выявіліся асновы існаваньня гэтага рэжыму і яго дачыненьні з Масквой. Усё больш выказьнікаў паказвае на тое, што крызіс будзе зацяжным і, магчыма, на некалькі гадоў. Першым палітычным вынікам зацяжной рэцэсіі мусіць стацца ўзрастаньне агрэсіўнасьці Расеі і шуканьне выхаду ў вайне. Рускі гэбізм спрабаваў ужо выклікаць грамадзкае абвастрэньне ва ўсходняй Украіне, калі ў пачатку гэтага года адключыў падачу газу на Ўкраіну і распачаў прапагандысцкую антыукраінскую кампанію. Украінцы, аднак, рэалізавалі разумныя контрмеры, і крамлёўская газавая афёра правалілася.
Другім подступам антынароднай палітыкі, якая робіцца за плячыма людзей, стала падпісаньне 4-га лютага гэтага года пагадненьня з Лукашэнкам і іншымі нявольнікамі “калектыўнай бясьпекі” (АДКБ) аб стварэньні ваенна-карных сілаў “хуткага рэагаваньня”. Гэтакія карныя войскі непатрэбныя нікому, акрамя Расеі, якая хоча мець фармальнае права вайсковага ўступленьня на чужую тэрыторыю. Расея скарыстала момант страху перад крызісам, баяньне азіяцкіх і антыбеларускага рэжымаў страціць уладу і глыбей зацягнула іх у свой ваенны блёк.
Зь беларускага гледзішча, гэта цалкам незаконная апэрацыя, якая супярэчыць асноўным палажэньням Канстытуцыі, законам Беларусі і пры гэтым падпісаная за плячыма народа нелегітымным кіраўніком выканаўчай улады. Авантура абазначае ўступленьне Беларусі ў расейскі ваенны блёк. Яна не прызнаецца і ня можа быць прызнанай. Грамадзтва мае права супрацьдзейнічаць гэтай антынацыянальнай палітыцы ўсімі сродкамі.
У гэтым жа кантэксьце страху Лукашэнка падпісаў за плячыма народа пагадненьне аб так званай сумеснай з Масквой супрацьпаветранай абароне, якое супярэчыць Канстытуцыі і абсалютна не патрэбнае Беларусі, але было праплочана ўзурпатару, што нават і не хаваецца.
Якая адказнасьць (ці, дакладней, кара) належыць спраўцу, пытаньне рытарычнае — усё прапісана ў законах. Але небясьпека здрады і антынародных дзеяньняў ня столькі ў тым, што да ўжываньня закону можа не дайсьці, і нават ня ў тым, што дойдзе запозна, але найперш, у аб’ектыўнай несувымернасьці злачынства і пакараньня. Рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіў столькі шкоды для беларускай культуры, дзяржавы і нацыі, што хоць ты тысячу разоў пакарай іх усіх самым строгім чынам — гэта не кампэнсуе ўсяго таго, што яны разбурылі. Хіба што ў маральна-этычным, духоўным аспэкце існаваньня. І таму пакараньне мусіць стацца неунікнёным, як акт справядлівасьці.
Антынароднае разгортваньне крызісу, падпісаньне незаконных пагадненьняў пра чужыя карныя сілы, удзел у іх, доступ іх на нашу тэрыторыю, незаконнае пагадненьне пра СПА сьведчыць аб тым, што дзейнасьць А. Лукашэнкі стала крайне небясьпечнай для Беларускай дзяржавы і нацыі. Далейшае знаходжаньне яго на вяршыні ўлады недапушчальнае. Пытаньне патрабуе неадкладнага і абавязковага вырашэньня.
Іронія становішча яшчэ ў тым, што грамадзтва (дакладней, частка грамадзтва), формула існаваньня якога “абы не было вайны”, падтрымліваючы Лукашэнку, усё больш набліжаецца да рэальнасьці гэтай самай чужой вайны (прытым на сваёй тэрыторыі). Пачатак фінансава-эканамічнага крызісу на Беларусі праілюстраваў, аднак, што праблема найперш не ў “грамадзтве” (і, тым больш, не ў народзе), а ў эліце, у вяршках гэтага “грамадзтва”. Крызіс адразу паказаў нікчэмнасьць вяршкоў, гніласьць інтэлігенцыі (за выключэньнем асобных змагароў), яе філісьцерства, канфармізм, гатоўнасьць супрацоўнічаць з антыбеларускім рэжымам, прыкрываючыся клопатам пра дзяржаву, абы не было гэтай самай “вайны” — цяжкасьцяў, сацыяльных абвастрэньняў у грамадзтве, канфліктаў з душыцелямі беларускай свабоды і незалежнасьці.
Нешта падобнае мы, фронтаўцы, ужо бачылі і перажывалі ў канцы 80-х мінулага стагоддзя, калі абвастрыўся крызіс СССР. Тая ж самая дэманстрацыя нібыта клопатаў пра народ з боку савецкіх элітаў, заклікі “не разгойдваць лодку” і аб’яднацца вакол “лепшых сілаў КПСС”. Прырода філісьцерства ўсюды аднолькавая і ва ўсе часы.
Мы не разглядаем крызіс як катастрофу, але як пераходны пэрыяд разьвіцьця, якое патрабуе абавязковага абнаўленьня, перамены арыентацыі, зьмены прыярытэтаў. Калі перамены не адбываецца, крызіс пераходзіць у зацяжную фазу стагнацыі, якая цягне за сабой дэградацыю ўсёй унівэрсальнай сістэмы. Тады далейшае разьвіцьцё праходзіць праз катастрофу, якая заканчваецца альбо выхадам у новую якасьць, альбо распадам. (Клясычныя прыклады катастроф, выкліканыя крызісам, — 1-я і 2-я Сусьветныя войны.)
Людзі, якія ўлучаныя ў беларускую нацыянальную палітыку, мусяць усьведамляць, што без ліквідацыі антыбеларускага рэжыму выхад Беларусі з крызісу немагчымы; наступны этап — застой, крызісны маразм усёй сацыяльнай сістэмы, які можа стацца нацыянальнай катастрофай. Ва ўмовах крызісу трэба дзейнічаць згодна зь яго прыродай — генэраваць і набліжаць перамены і абнову становішча, а не кансэрваваць прычыны крызісу (чым кінуліся займацца розныя грамадзкія ахоўнікі рэжыму). Трэба разглядаць крызіс як магчымасьць, як шанц кардынальных палітычных, эканамічных і сацыяльных пераменаў у беларускім грамадзтве. Ліквідацыя нелегітымнага прамаскоўскага рэжыму — гэта ёсьць не асобнае меркаваньне, ня пункт погляду і нават не варыянт, а аб’ектыўная неабходнасьць і галоўная ўмова рэальнага выхаду з крызісу на Беларусі.
Тут мушу яшчэ сказаць, што назіраньне за тым, што адбываецца, прыводзіць да думкі, што крызіс сапраўды будзе доўгім і з пэўнымі адплывамі і даплывамі можа трываць працяглы час, цэлыя гады, бо сутнасная першапрычына яго (стымулятар завіхрэньняў) ёсьць ня толькі маніпуляцыі фінансавых акулаў і ня толькі крах амэрыканскай іпатэкі, і нават, магчыма, ня цэны на нафту (хоць гэта і важна), але агульны глябальны стан сусьветнай эканомікі і спажываньня. Сусьветны рынак напоўнены і вытворчасьць ужо ня можа нічога прапанаваць новага. Патрэбны скачок, выхад у новую якасьць тавараў (як гэта некалі, у 50-х мінулага стагоддзя, прапанавала хімічная вытворчасьць, а ў канцы XIX-га чыгуналіцейная. (Электроніка ня стала такой унівэрсальнай рэвалюцыяй, бо ня ёсьць першасным таварам масавай неабходнасьці.) Гэтая зьява (напоўненасьць попыту) супала з энэргетычным напружаньнем на рынку асноўных рэсурсаў — нафты і газу. Энэргетыка адчувальна стала адставаць ад замоваў і патрэбаў цывілізацыі. Выхад з энэргетычнага голаду можа быць усялякі, але толькі не ў стварэньні энэргетыкі ўчарашняга дня (чым займаецца цяпер антынацыянальны рэжым у Беларусі — АЭС і г. д.).
У мінулым лісьце я пісаў, што ліквідацыя палітычнага рэжыму як першапрычыны агульнага крызісу на Беларусі магчымая пры адпаведным ацэначным і настраёвым стане грамадзтва, дзе галоўным зьяўляецца пратэстны настрой, імкненьне людзей да пераменаў. Такі настрой у беларускім грамадзтве яшчэ асэнсавана ня выявіўся, знаходзіцца ў схаваным і нават зародкавым стане. Задача палітычнай партыі дапамагаць людзям выявіць і асэнсаваць такі настрой, перавесьці яго ў дзеяньне. Людзі павінны мець адказы на два клясычныя пытаньні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”.
Мы мусім павялічыць і пашырыць нашую палітыка-асьветніцкую працу па падрыхтоўцы спрыяльнага асяроддзя для пераменаў. Канкрэтна мы ведаем, як гэта рабіць, таму я спыняюся толькі на пачатковых лёзунгах і патрабаваньнях.
Наша пазыцыя павінна ўключаць патрабаваньне адхіліць Лукашэнку ад улады, адмяніць накінутую фальшаваньнем канстытуцыю дыктатуры, правесьці новыя выбары прэзыдэнта (сумесна з выбарамі ў парлямант), згодна зь Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыяй 1994 года і законамі, створанымі на яе аснове.
Наступныя антыкрызісныя патрабаваньні, якія павінны быць пастаўленыя перад уладай: даць поўную вытворчую свабоду людзям, каб чалавек мог бесперашкодна вырабляць, купляць і прадаваць, што хоча, дзе хоча і каму хоча. Устанавіць мінімальныя падаткі для такога прадпрыймальніцтва, вызначыць сістэму зьніжэньня і пазбаўленьня ад падаткаў у выпадку мецэнацкай дапамогі і філянтрапічнай дзейнасьці вызначаным арганізацыям і асобам (школы, інваліды, творчыя пачынаньні і г. д.).
Аблегчыць і спрасьціць беларусам выезды на працу за мяжу. Зьнізіць кошт арэнднай платы за наём памяшканьняў для бізнэсу і вытворчасьці ў некалькі разоў і для грамадзка-палітычных і культурніцкіх арганізацыяў у 10–20 разоў. Ліквідаваць манаполію Адміністрацыі прэзыдэнта на арэндную плошчу, памяшканьні і нежылы фонд. Перадаць усё ў веданьне мясцовых уладаў.
Гэта патрабаваньні першых крокаў.
Мы ўжо цяпер павінны рыхтавацца да адзначэньня 25 Сакавіка ці ўгодкаў незалежнасьці БНР (Дзень Волі). Прапаную прыняць адпаведнае рашэньне на Сойме і даручыць вызначаным асобам зьвярнуцца ў Менгарвыканкам аб правядзеньні шэсьця і мітынгу. Мітынг трэба рыхтаваць як палітычнае антыкрызіснае мерапрыемства.(...) Жыве Беларусь!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Парты — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
5–8 лютага 2009 г.