ЛЮТАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
8 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, “Крызіс як магчымасьць пераменаў” (публікуецца).
З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Крызіс у нашай краіне паглыбляецца і набірае размах. Рэжым дэманструе няздольнасьць да вырашэньня элемэнтарных праблемаў. Больш таго, сытуацыя дэманструе аб’ектыўны факт — рэжым зьяўляецца канчатковым банкрутам. Пра гэта сьведчыць у прыватнасьці актыўная дзейнасьць кіраўніцтва рэжыму па пошуку новых крэдытаў у розных сталіцах і міжнародных структурах, мітусьлівыя спробы працягнуць сваё існаваньне пры ўладзе. Безумоўна, што гэтыя фінансавыя сродкі накіроўваюцца не на патрэбы краіны, а зьяўляюцца дадатковай магчымасьцю раскраданьня і карупцыі. У кантэксьце крызісу неабходна разглядаць таксама падпісаньне антызаконных дамоваў з Масквой пра “вайсковыя сілы хуткага рэагаваньня” і падпарадкаваньне беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны Маскве. Кіраўніцтва Расеі не зважае на каласальныя праблемы ўнутры сваёй дзяржавы і накіроўвае велізарныя сродкі на разбурэньне і падпарадкаваньне Беларускай дзяржавы. Заплянаваная пабудова расейскай АЭС на тэрыторыі Беларусі — яшчэ адно сьведчаньне гэтай шалёнай палітыкі. Наступіў новы этап расейскай каланіяльнай агрэсіі супраць Беларусі, які вызначаецца прысьпешанымі тэмпамі і цынічным ламаньнем беларускіх і міжнародных законаў. Прамаскоўскі рэжым на Беларусі дзейнічае як паслухмяная марыянэтка чужой антыбеларускай палітыкі.
Як заўсёды, у такія моманты да рэжыму далучаецца прамаскоўская падстаўная псэўдаапазыцыя. Мы бачым, як яе прадстаўнікі з энтузіязмам удзельнічаюць у фарсавых “камісіях”, “дыскусіях” і іншых мерапрыемствах рэжыму ў рамках фальшывай кампаніі “лібэралізацыі”. Беларускае грамадзтва павінна таксама адэкватна ацаніць намаганьні “незалежных” СМІ, якія ствараюць рэкляму гэтай сумеснай афёры рэжыму і псэўдаапазыцыі, мэта якой — захаваньне антыбеларускага рэжыму і падман нашага народу. Супрацьстаяць гэтай антыбеларускай палітыцы можа не падстаўная агентура, а мільёны беларускіх патрыётаў, якія павінны аб’яднацца на платформе Беларускай Салідарнасьці.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Людзі ў розных кутках Беларусі яшчэ ня выйшлі з шоку пасьля нечаканых дзеяньняў рэжыму на пачатку гэтага года. Людзі дэзарыентаваны ня толькі імклівасьцю разьвіцьця падзеяў і афіцыёзнай прапагандай, але (што вельмі крыўдна) дэзынфармацыяй, якую распаўсюджваюць шэраг так званых “незалежных і дэмакратычных” СМІ. Ня дзіва, што некаторыя з “незалежных” эканамістаў (напрыклад, Заіка і Раманчук) пастаянна выступаюць у якасьці экспэртаў як на радыё Свабода, так і ў адыёзных пэрыядычных выданьнях дыктатуры. Ад такіх “экспэртаў” беларусы не дачакаюцца праўдзівага аналізу.
На месцах назіраецца занепакоенасьць беларускіх афіцэраў падпісанымі ў Маскве дамовамі. Людзі ў пагонах адпаведна разумеюць пагрозу накіраваньня іх у зоны расейскіх ваенных канфліктаў. Афіцэры разумеюць таксама сьмяротную небясьпеку для насельніцтва Беларусі ў сувязі з вызначэньнем нашай краіны як “першага эшалёну супрацьпаветранай абароны Расеі”. Яны як спэцыялісты ведаюць, што ў выпадку ваенных дзеяньняў па першым эшалёне наносіцца самы сакрушальны ўдар. Беларусы рэальна сталі закладнікамі агрэсіўнай палітыкі Масквы і яе шалёных плянаў панаваньня над народамі.
Сойм прыняў рашэньне аб правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў 25 сакавіка сёлета ў гонар 91-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (Дня Волі).
Сойм абмеркаваў і прыняў пастанову “Аб антынацыянальных пагадненьнях і незаконных дзеяньнях нелегітымнага кіраўніка выканаўчай улады на Беларусі” (публікуецца).
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
8 лютага 2009 г.