ЗАШЧЭМЛЕНАЯ МЭНТАЛЬНАСЬЦЬ

10 студзеня 2009 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала фэльетон пра гістарычную традыцыю ў сёньняшняй Нямеччыне. Аўтар кпіць з немцаў, якія шырока адзначаюць 2000-я ўгодкі бітвы ў Тэўтабургскім лесе (9 г.н.э.), калі аб'яднаныя германскія плямёны пад кіраўніцтвам гэрускага князя Армінія зьнішчылі экспэдыцыйныя легіёны рымляніна Квінціліюса Варуса. Аўтар піша, што сьмешна нават суадносіць тадышніх германцаў і цяперашніх немцаў. Ён сцьвярджае, што шэраг разоў за найноўшую гісторыю немцы выкарыстоўвалі даўнюю бітву для штучнага ўздыму нацыянальных пачуцьцяў.

Наш камэнтар: Гэта хутчэй не фэльетон, а ядавіты пасквіль нямецкамоўнага швайцарца. Чытаеш яго з непрыемным пачуцьцем, як і “навуковыя опусы” расейскіх аўтараў пра беларускую гісторыю. Успамінаюцца і дэклямацыі менскай русскоязычнай агентуры, якая камфортна атабарылася ў Акадэміі Навук Беларусі: “Что вы всё о Скорине? Это же раскрученная фигура...”

Пры ўсёй павазе да вялікай гісторыі маленькай Швайцарыі трэба прызнаць, што малыя народы часта ня могуць перажыць пэрманэнтнай зашчэмленасьці правінцыяла (адсюль часам іхная агрэсіўнасьць у паводзінах і выказваньнях). Нядаўна, напрыклад, стала вядома, што з некаторых музэйных экспазыцыяў Летувы ў невядомым накірунку зьніклі факсіміле граматаў Вітаўта Вялікага. Раней віленскія экскурсаводы з пафасам распавядалі пра “Вітовтаса і его літовскость”. А беларускія экскурсанты тыцкалі іх носам у згаданыя граматы ды пыталіся: “А чаму ж усё тут напісана па-беларуску, га?” Урэшце зашчэмленыя стаміліся ад беларускага сьмеху...

Алесь Хадасевіч