ЗАБОЙСТВА Ў МАСКВЕ

19 студзеня ў Маскве адбылося чарговае палітычнае забойства. Чалавек у насунутай на лоб шапцы застрэліў з пісталета адваката Станіслава Маркелава і маладую студэнтку-журналістку Анастасію Батурыну, якая ішла побач зь ім. Людзей у Маскве забіваюць шмат, рэгулярна і штодня. Але гэта было знакавае забойства. Ахвярай забойцы стаў адвакат, які бараніў у судах інтарэсы людзей, што пацярпелі ад гэбоўскага рэжыму (“ворагаў народу”). Напрыклад, С. Маркелаў быў адвакатам сям'і Эльзы Кунгаевай, чачэнскай дзяўчыны, якую закатаваў насьмерць палкоўнік расейскага СС Буданаў. Ён абараняў і беларусаў у некалькіх справах. Безумоўна, што забойства было не ўчынкам самотнага злачынцы. За злачынствам стаіць уся крамлёўска-лубянская сістэма. Забойства адбылося ў двух кроках ад Крамля, у белы дзень пасярод вялікага маскоўскага натоўпу. Забойца ўцёк (і хутчэй за ўсё ўжо не жыве). Гаспадары імпэрыі паказалі людзям, якія ня хочуць падаць перад імі на калені, на што яны здольныя. Нешта падобнае адбылося ў саўдэпіі ў 1934 г. у Ленінградзе. Там пасярод абкама быў застрэлены С. Кіраў (папулярная фігура, на якую партыйцы зьбіраліся замяніць шалёнага Сталіна). Гісторыкі адлічваюць менавіта ад гэтага знакавага злачынства пачатак жудаснай эры 37-га года. Калі б расейскае грамадзтва адэкватна зразумела сёлетні злавесны знак, то яно пачало б ратавацца: гнаць прэч гэбоўску хунту. Але паразмаўляйце з масквічамі. Яны бадзёра скажуць вам: “А мы довольны Путиным, он так много делает для нас...” Хворае грамадзтва ня здольнае на паратунак самога сабе.

Янка Базыль