ПАПЫ-ГАПОНЫ

9 студзеня падалі голас менскія папы-гапоны. Мабыць успомнілі пра даўнія расейскія падзеі 9 студзеня 1905 г., калі правакатары вадзілі там народ з абразамі і харугвамі пакланіцца бацюшку-цару ў Пецярбурзе. Сёлета на Бнларусі першым падняў стракатую харугву такі В. Горбачёв, старшыня арганізацыі “За свободу развітія предпрінімательства”. Ён заявіў у Менску, што заклікае народ выйсьці на “марш” 25 сакавіка сёлета. Пра Дзень Волі, пра БНР і беларускую незалежнасьць новы Гапон ня згадваў. Ён назваў сваё мерапрыемства “Марш обіженных і неуслышанных”. Гэта значыць, што беларусы павінны хадзіць апусьціўшы галовы ў Дзень Волі і гукаць, што іх “обіделі і не услышалі”. А каб “услышалі”, тав. Горбачёв падсуне ім “петіцію” да мясцовага бацюшкі-цара пра “мы Вам доверяем, только Вам, накажіте нерадівых бояр...” Гэбэ ня ўпершыню выпускае задоўга да Дня Волі асобаў у блазенскіх каўпаках. Аднойчы колькі гадоў таму ў гэтай ролі выступіў псіхічна неадэкватны “дысыдэнт” Клімаў. Ён раскідаў быў па сталіцы свае русскоязычныя газэткі з шумным загалоўкам “25 марта произойдёт революция!” Цяпер наперад выпусьцілі “свободолюба” з “перастроечным” прозьвішчам. Сутнасьць канторскай пустышкі застаецца тая самая: рэжым панічна баіцца, што на Дзень Волі беларусы перастануць скардзіцца, што іх “обіделі”, а сапраўды масава выступяць за сваю культуру, гісторыю, свой гонар і сваю будучыню.

Янка Базыль