“КАБ РАССТРАЛЯЦЬ, НЯ ТРЭБА ДОКАЗАЎ.”

1 студзеня 2009 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” пісала пра 50-гадовыя ўгодкі камуністычнай рэвалюцыі на Кубе. Менавіта навагодняй раніцай 1 студзеня 1959 г. у Гавану ўвайшлі атрады Кастра. Дыктатар Батыста і шмат ягоных паплечнікаў уцяклі з выспы. З тае пары на выспе нічога не зьмянілася: эканамічны заняпад, камуністычная дыктатура, суцэльны дэфіцыт на тавары, месячны заробак у 20 даляраў. Газэта нагадвае, што мэдабслугоўваньне і адукацыя на Кубе бясплатныя.

Наш камэнтар: Саветы таксама любілі расказваць сваім грамадзянам, што ў СССР тое і гэтае “бясплатна”. Потым раскрылася, што ў эканоміцы такое немагчыма, а плацяць за гэтую дэмагогію менавіта працоўныя людзі. Старэйшым беларусам здаецца, што кубінскія падзеі былі і ня так даўно. Мы ўспамінаем, як на пачатку 1960-х у беларускіх палацах піянэраў і ў школах модна было ставіць “кубінскія танцы” (хлопцам раздавалі чорныя бэрэты і цацачныя пісталеты) і аматарскія спэктаклі пра рэвалюцыянэраў-барбудас (зноў жа хлопцам прыклеівалі пафарбаваныя бароды з паклі). З тае пары на высьпе нічога не зьмянілася...

Пры позьнім Гарбачове савецкая “перастроечная” прапаганда нечакана пачала расказваць пра кастраўскую паліцэйшчыну, пра сотні ўвязьненых праваабаронцаў, пра расстрэлы і перасьлед антыкастрыстаў. Прычына была ня ў тым, што Масква раптам раскаялася. А ў тым, што Маскве трэба было ва ўмовах разбуральнага эканамічнага і палітычнага крызісу неяк апраўдаць спыненьне ўтрыманьня кастраўскага рэжыму на Кубе (мільярды даляраў з кішэняў савецкіх грамадзянаў). Цікава, што апошнім часам Масква зноў пачала рамантызаваць Кастра і ягоных барбудас. Выцягнулі з пыльнага закутка вобраз рамантыка-галаварэза Чэ Гевары, наштампавалі значакаў зь ім (іх начапілі на сябе многія дэзарыентаваныя беларускія маладыя). Проста пад адбудову маскоўскага ўплыву на Кубе і ў Лацінскай Амэрыцы Крэмль-Лубянка рэанімуюць забытыя і даўно высьмеяныя міфы пра “сапраўдных марксістаў”. Цікава, што робіцца гэтая адбудова ўплыву і рэанімацыя міфаў ва ўмовах шалёнага эканамічна-сацыяльнага крызісу, які пагражае расейскай імпэрыі крахам.

***

2 студзеня 2009 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Абаротны бок героя рэвалюцыі”. У сувязі з 50-мі ўгодкамі перамогі кастрыстаў на Кубе газэта прыводзіць факты зь біяграфіі аднаго з яе лідэраў — вядомага Чэ Гевары. У Гаване ў старажытнай крэпасьці Ла Кабака цяпер знаходзіцца музэй рэвалюцыі. Але тут наведвальнікам не распавядаюць пра расстрэлы “ворагаў” і “здраднікаў”, якія праводзіў тут кастраўскі рэжым. Міністар Чэ Гевара меў кабінэт у гэтай крэпасьці і кіраваў расстрэламі. З 2 студзеня 1959 г. і па 1967 г. (калі Чэ быў забіты ў Балівіі) тут расстралялі 180 чалавек. Газэта цытуе дакумэнтальную спадчыну таварыша Чэ: “Каб паслаць чалавека на расстрэл, ня трэба дакладных юрыдычных доказаў. Усё гэта — састарэлыя буржуазныя штучкі. Цяпер ідзе рэвалюцыя. А рэвалюцыя — гэта халодная машына сьмерці, якой рухае чыстая нянавісьць”.

Наш камэнтар: Маладым беларусам, якія зьбіраюцца начапіць на сябе значак з таварышам Чэ, мы раім схадзіць у Курапаты і задумацца над злачынствамі камуністычных рэжымаў і іхных “рамантыкаў”.

Алесь Хадасевіч