СТУДЗЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” ІКАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
18 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, “Народны выхад з крызісу — ліквідацыя рэжыму” (публікуецца).
З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Не прамінула яшчэ й месяца пасьля нашага зьезду, што адбыўся ў сьнежні 2008 г., а колькі падзеяў разгарнулася за гэты час. Многія людзі адчуваюць, што тэмпы разьвіцьця падзеяў, іх напружанасьць і энэргія нагадваюць лёсавызначальны для Беларусі і іншых народаў 1991-шы год. Аналіз паказвае, што жульніцкая авантура рэжыму з абвалам нацыянальнай валюты рыхтавалася заранёў і загад на абвал паступіў менавіта з Масквы. Пра гэта заранёў ведалі колы, блізкія да рэжыму, і банкаўскія структуры. Ведалі таксама многія ў Маскве, адкуль цэлымі цягнікамі прыязджалі дзялкі, каб выкупляць даляры, якія мелі ў Беларусі штучна заніжаны курс. Перад новым годам рэжым прымусіў прадпрыемствы здаць у банкі іхныя валютныя рэзэрвы. 2 студзеня настаў абвал і на гэтым няшчасьці мільёнаў беларусаў згаданыя колы добра нажыліся. Так дзейнічае не нацыянальны ўрад, а класічны акупацыйны, чужы рэжым. Людзей абрабавалі, беларускай эканоміцы быў нанесены магутны ўдар. Дэмагагічная прапаганда рэжыму звальвае ўсе праблемы на “крызіс у сьвеце, які пачаўся ў Амэрыцы”. Такім чынам нашых людзей спрабуюць дэзарыентаваць і заблытаць, злодзеі спрабуюць зьняць з сябе адказнасьць за злачынства. Але гэта ім ужо не ўдаецца ў поўнай меры. Людзі адвярнуліся ад антыбеларускага рэжыму, не жадаюць удзельнічаць у яго псэўдавыбарчых авантурах і ратуюцца, не зважаючы на фальшывыя тлумачэньні і заклікі рэжымнай прапаганды. Прыкметна, што ў апошні час усе перамовы паміж прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму і імпэрскай Масквой праводзяцца за зачыненымі дзьвярмі. Ад народаў схавана праўдзівая інфармацыя аб рашэньнях, прынятых на гэтых перамовах. Аднак, паводле дзеяньняў рэжымнай прапаганды, якая мабілізавала па ўсёй Беларусі тысячы сваіх агентаў уплыву (“стукачоў”) зразумела, што наступным крокам па разбурэньню беларускай эканомікі і дзяржаўнасьці Масква заплянавала ўвядзеньне ў Беларусі рускага рубля. Гэта дазволіла б імпэрскім структурам фактычна бясплатна захапіць беларускія прадпрыемствы і пакінуць наш народ жабраком на ўласнай зямлі. Неабходна тлумачыць людзям злачынны характар гэтых дзеяньняў і плянаў і арганізоўваць супраціў гэтай паўзучай акупацыі.
Гэтыя падзеі ў Беларусі адбываюцца на фоне міжнародных драматычных падзеяў. Перад новым годам разгарэлася вайна на Блізкім Усходзе, разьвязаная кліентам Масквы тэрарыстычнай арганізацыяй Хамас. Масква меркавала, што такім чынам увага міжнароднай супольнасьці будзе занята выключна гэтай вайной, і 1 студзеня распачала маштабную правакацыю супраць Украіны. Маскоўская дыпляматыя і прапаганда паспрабавалі выставіць Украіну ў якасьці вінаватага і першапрычыны газавага крызісу. Але імпэрцы пралічыліся. Заходнія грамадзтвы і палітычнае кіраўніцтва дэмакратычных краінаў у асноўным адэкватна ацанілі характар і прычыны канфлікту. Україна не парушала дамоўленасьцяў па транзіту газа, не крала газ, накіраваны на Заходнюю Эўропу. Менавіта Масква прымяніла ўсе тэхнічныя магчымасьці дзеля таго, каб пакінуць без паліва пасярод лютай зімы Украіну і шэраг эўрапейскіх краінаў. Але правакацыя з грукатам правалілася. У шэрагу краінаў (нават у такіх традыцыйна прарасейскіх, як Сэрбія і Баўгарыя) людзі паляць на вуліцах расейскія сьцягі, а дзяржаўнае кіраўніцтва актыўна шукае альтэрнатыўныя крыніцы энэргазабесьпячэньня. Расея рызыкуе застацца без пакупнікоў сваіх энэрганосьбітаў. Ёсьць яшчэ адзін аспэкт газавай маскоўскай правакацыі. Крэмль паспрабаваў арганізаваць маштабныя бунты ва ўсходніх вобласьцях Украіны, якія павінны былі замярзаць ва ўмовах расейскай газавай блакады. Але адэкватныя дзеяньні кіраўніцтва і тэхнічных службаў Украіны сарвалі і гэты плян. Кіеў забясьпечыў усю краіну палівам з рэзэрвовых сховішчаў. Масква мела значна шырэйшы плян па дэстабілізацыі становішча ў постсавецкіх краінах. У абмежаваных маштабах Крамлю ўдалося арганізаваць антыдзяржаўныя выступы і пагромы ў Рызе і Вільні, але і там плян Масквы праваліўся. Ганебным чынам Масква праз свой васальны рэжым у Менску робіць нашу Беларусь закладнікам гэтай агрэсіўнай палітыкі, накіраванай супраць нашых суседзяў. Менавіта транзіт газа праз тэрыторыю Беларусі выкарыстоўваўся Масквой у якасьці мэтаду ціску на Украіну і іншыя дзяржавы. Толькі выйсьце з-пад каланіяльнай залежнасьці ад Расеі дазволіць нашай краіне вызваліцца ад гэтай ганебнай ролі. Нам неабходна гуртаваць здаровыя сілы беларускага грамадзтва на супраціў гэтай антынацыянальнай палітыцы.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб выніках злачынных дзеяньняў антыбеларускага рэжыму. Паўсюль беларусы перажылі моцны шок пасьля фінансавага абвалу, наладжанага рэжымам 2 студзеня. Многія людзі агаломшаны і дэзарыентаваны, ня ведаюць, што рабіць. Неабходна даць грамадзтву ясную праграму паратунку нашай нацыянальнай маёмасьці, нашай Дзяржавы, забесьпячэньня нармальнай чалавечай будучыні для нашых дзяцей. Дзейнічаць неабходна хутка і адэкватна. Надта вялікая пагроза насунулася на нашу Беларусь. Трэба адбівацца ад імпэрскай Масквы так, як наш народ здолеў зрабіць гэта ў 1991 і 1996 гадах.
Сойм абмеркаваў і прыняў пастанову “Аб разгортваньні крызісу і пакіданьні пасады А. Лукашэнкам” (публікуецца).
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
18 студзеня 2009 г.