ВІРТУАЛЬНАЯ РЭЧАІСНАСЬЦЬ

22 сьнежня 2008 г. Польская газэта “Dziennik” публікуе інтэрв'ю з Барысам Райтшустарам, нямецкім пісьменьнікам і журналістам, які шэраг гадоў працуе ў Маскве. Заходнім журналістам стала вядома, што Пуцін рыхтуе шырокую прапагандысцкую кампанію, мэта якой: стварэньне прывабнага вобразу Расеі. Інтэрв'ю з Райтшустарам апублікавана пад тытулам “Дастакова злёгку тупнуць і гэтая сістэма лясьне”. Цытуем:

“Група, якая цяпер кіруе Расеяй, з задавальненьнем стварае віртуальную рэчаіснасьць, замест таго, каб мяняць сапраўдную. Пуцін і Медведев панікуюць, бо ведаюць, што грамадзкае незадавальненьне нарастае. Гэтыя два палітыкі цудоўна разумеюць, што падтрымка — гэта надзьмуты балёнік, які трымаецца дзякуючы зманіпуляваным вынікам апытаньняў і штодзённай ардынарнай прапагандзе. Балёнік вельмі лёгка можа ляснуць. Я некалі назваў Пуціна голым каралём, для якога СМІ пашылі адзеньне. І ён мае адзіны надзейны спосаб на крызіс: пабольш краўцоў, якія й надалей будуць жыць яму шаты. Пуцін і Медведев — капітаны надзейнага плаваньня. Яны добра даюць рады, калі цэны на сыравіну высокія і калі ёсьць грошы, якімі можна заткнуць рот незадаволеным. А ў момант крызісу яны панікуюць. Каб зразумець расейскую ўладу, трэба ведаць, што яна ня мае ўяўленьня, якія настроі пануюць у грамадзтве, бо яна сама зьнішчыла інструманты іх вымярэньня. Пуцін і Медведев думаюць наступным чынам: цяпер крызіс, людзі баяцца за свае грошы, мы мусім нешта зрабіць. Што? Пераканаць іх, што мы добрыя і што гэта ня наша віна. Вось іхная філасофія”.

Журналіст пытаецца: “Наколькі рэальным ёсьць сцэнар, што жыхары Расеі масава выйдуць на вуліцы?” Райтшустар: “Сёньня гэта малаверагодна. А праз месяц — можа стацца рэвалюцыя. Расейцы — гэта пасіўны народ, які дазволіў сябе пераканаць, што жыцьцё ў галечы — гэта норма і што так будзе заўсёды. Але гэта дзейнічае да пэўнага моманту, калі людзі яшчэ маюць што пакласьці ў чыгунок. Цяпер усё залежыць ад улады. Калі яны надалей будуць паводзіць сабе па-дурному і дражніць людзей, — а ўсё аб гэтым сьведчыць, — то можа дайсьці да рэвалюцыі. Расея нагадвае ГДР на апошнім этапе. Усё нібыта трымаецца моцна, але гэта падман. Бо сістэма згніла знутры і дастаткова злёгку тупнуць, каб яна ляснула”.

Наш камэнтар: Ня трэба думаць, што ў нямецкіх элітах толькі такія кадры, як шпіён Ганс Вік, руска-немец Рар і крамлёўскі халуй Шродэр. Ёсьць там людзі, якія адэкватна ацэньваюць расейскую рэчаіснасьць.

Юрка Марозаў