“У ІМПЭРЫІ ТРЫЮМФУЮЧАГА ГЭБІЗМУ”

15 сьнежня 2008 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра абмеркаваньне ў Дзярждуме Расеі паправак у Закон пра дзяржаўную таямніцу. Мяркуецца пашырыць паняцьце “разглашэньня таямніцы”. Цяпер паняцьце будзе ўключаць у сабе ня толькі “пагрозу для бясьпекі краіны, але таксама канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасьці”. Праваабаронца Ганна Ставіцкая дала кароткую характарыстыку гэтым дзеяньням расейскай улады: “Гэта напамін людзям, каб яны сядзеі ціха і не падымалі вэрхал”.

Наш камэнтар: Цікавай дэтальлю “новаўвядзеньняў” зьяўляецца таксама пашырэньне крымінальнай адказнасьці “па ўсяму ланцугу асобаў, якія перадавалі дзяржтаямніцу”. А таксама крымінальная адказнасьць за перадачу “таямніцаў” ня толькі чужым дзяржавам, але і міжнародным арганізацыям.

Цяпер дастаткова, каб, напрыклад, невялікая група татараў абмеркавала за піялай гарбаты пытаньне незалежнасьці Татарстану, і суд можа кваліфікаваць гэта як “дзяржтаямніцу” з адпаведнымі прысудамі “ворагам народу”. А што да “ланцуга перадачы дзяржтаямніцы”, то тут людзей можна забіраць цэлымі кварталамі і нават гарадамі. Дагэтуль у Гомлі ўспамінаюць, як 50 гадоў таму афіцэрскія жонкі прынесьлі навіну: на савецкай вайсковай базе ў Зябраўцы самалёты ўзброілі атамнымі бомбамі. На наступны дзень пра атам гаварыў увесь горад. Вось быў “ланцуг”!..

Інакш і ня можа быць у імпэрыі трыюмфуючага гэбізму, правальнай эканомікі і ахопленага сацыяльнай нянавісьцю насельніцтва. Рэжым зьбіраецца душыць людзей да апошняга. Трэба чакаць малпачага капіяваньня маскоўскіх “новаўвядзеньняў” менскімі “палаткамі”.

Юрка Марозаў