НАБЕГІ НА ЎСХОДНЯЙ МЯЖЫ
Трэба прызнаць, што БТ зрэдку выдае праўдзівую інфармацыю пра беларускую рэчаіснасьць. 24 сьнежня яны паказалі тэматычны рэпартаж пра аўтакантрабанду. У апошнія месяцы сапраўднай праблемай сталі ўгоны будаўнічай тэхнікі з Беларусі ў Расею. З будпляцовак, гарадзкіх і калгасных аўтабазаў злодзеі гоняць у бандыцкую дзяржаву аўтакраны, бульдозэры, грузавікі, бэтонамяшалкі і падобнае. БТ паведаміла, што, напрыклад, за магутны аўтакран у Маскве можна атрымаць да 80 тысячаў даляраў. Выказвалася і міліцэйскае начальства Магілеўшчыны і Віцебшчыны, наракала на “празрыстую” мяжу з Расеяй. Паўстае пытаньне: колькі яшчэ будзе існаваць гэтая мафійная “празрыстасьць” на мяжы з ворагам-бандытам? Чаму ня злоўлены аніводзін кантрабандыст? Чаму не разгромлены банды злодзеяў (самотнікі-ліхачы ня могуць арганізаваць такую маштабную дзейнасьць)? Безумоўна, у наяўнасьці арганізаваная сетка аўтамафіі, якая дзейнічае па абодва бакі мяжы. І ў гэтай сетцы заблытаны асобы з пагонамі і без пагонаў. Гніеньне прамаскоўскага рэжыму моцна сьмярдзіць.
Янка Базыль