НА КРАІ СЬВЕТУ

16 сьнежня 2008 г. Славацкая газэта “SME” паведамляе, што на Кубу прыбылі з візітам расейскія ваенныя караблі. Масква робіць гэта дзеля аднаўленьня свайго ўплыву ў гэтай частцы сьвету. Заплянаваныя экскурсіі маракоў да помніка Хасэ Марці і помніка савецкім вайскоўцам у Гаване.

Наш камэнтар: Беларускія жаўнеры і афіцэры на Кубе — яшчэ адна старонка нашай нацыянальнай драмы. З 1959 г. па год краху СССР тысячы нашых людзей паводле загаду Масквы знаходзіліся на “острове свободы” (як называла савецкая прапаганда пачварную дыктатуру Кастра). Яны некалькі разоў бралі ўдзел у ваенных дзеяньнях на пачатку 1960-х: у баях у раёне Плая Хэрон, калі саветы дапамаглі кастрыстам разьбіць дэсант кубінскіх патрыётаў, якія прыбылі з Фларыды, а таксама ў баявых сутыкненьнях пэрыяду так званага Карыбскага крызісу. На Кубе ёсьць вялікія могілкі савецкіх вайскоўцаў. Саўдэпія (якая давала Фідэлю на дыктатуру па адному мільёну даляраў штодня — і так на працягу дзесяцігоддзяў) пашкадавала сродкаў на транспарціроўку на радзіму палеглых вайскоўцаў і тых, хто памёр ад хваробаў. Іх хавалі у чужым пяску пад пальмамі, а сем'і атрымлівалі паведамленьне, што сыны “погіблі в н-ской часті н-ского округа”. Савецкія вайскоўцы насілі на Кубе цывільную вопратку, Масква рабіла выгляд, што “іх там няма”. Дагэтуль беларускія сем'і ня ведаюць праўды пра лёс нашых хлопцаў, якіх імпэрыя загнала на край сьвету. Няма каму памянуць іх на роднай мове. Зразумела, што кастрысты і расейскія камісары будуць падчас экскурсіяў для цяперашніх візыцёраў гаварыць “о русскіх братьях, которые спаслі революцію” і г.д.

З гэтага выснова: ніколі нельга мірыцца з акупантамі і іхняй палітыкай, бо ўсё гэта прыносіць беларусам нішчэньне і сьмерць.

Алесь Хадасевіч