ЗАТАРМАЗІЛІ РАЗЬВІЦЬЦЁ ЦЭЛАГА ПАКАЛЕНЬНЯ

19 сьнежня 2008 г. Румынская газэта “Adevarul” прысьвяціла некалькі артыкулаў 19-м угодкам Народнай рэвалюцыі 1989 года, якая ліквідавала прамаскоўскі рэжым Чаўшэску. На фотапартрэце — 19-гадовая Вікторыя Кіцікарыу. Яна — равесьніца рэвалюцыі, нарадзілася 20 сьнежня 1989 г., калі на вуліцах чуліся стрэлы. Дзяўчына працуе ў банку, любіць падарожнічаць, хвалюецца на тэму цяперашняга крызісу. Удзельнікі рэвалюцыйных падзеяў спрачаюцца між сабой, калі і дзе ўсё пачалося. Першыя надпісы на сьцянах “Далоў Чаўшэску!” зьявіліся ў Цімішаары ўноч на 17 сьнежня. Там жа пачаліся выступы студэнцкай моладзі супраць дыктатуры. Уся краіна даведалася, што чаўшэскаўскія гэбісты стралялі па маладых, з перадачаў румынскамоўнай Радыё Свабода, якая працавала з тэрыторыі Угоршчыны. На працягу некалькіх гадзінаў паўстаньне ахапіла ўсю краіну. Іншыя нагадваюць, што ўжо 14 сьнежня “Секурытаце” правяла шэраг арыштаў дысыдэнтаў. Сёлета ў гэтыя сьнежаньскія дні па ўсёй Румыніі адбудуцца мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць палеглых герояў рэвалюцыі.

Наш камэнтар: Для юнай Вікторыі існуе толькі цяперашняя, некамуністычная Румынія. Разам зь ёю сталела і разьвівалася радзіма, што вызвалілася ад жудаснай дыктатуры. Цяпер Румынія — дэмакратычная краіна, якая дынамічна разьвіваецца і займае сваё месца ў Эўропе. Праблемы сусьветнага крызісу тут ніхто не хавае, вядзецца аналітыка і тэмпэрамэнтная дыскусія. Дзяўчына езьдзіць па ўсёй Эўропе, нават не паказваючы пашпарта.

Заканчваюць школу равесьнікі лёсавызначальнага для Беларусі 1991-га года. Прамаскоўская дыктатура зноў падняла сваю галаву, зьнішчае ўсё нацыянальнае і жывое на нашай зямлі, тлуміць моладзь піянэрыяй-камсамоліяй-НКВД-КГБ. Румынскія равесьнікі не паверылі б нашым маладым, што магчыма настолькі адкінуць назад наш эўрапейскі народ і затармазіць нармальнае разьвіцьцё для цэлага пакаленьня.

Але маладыя румыны 1989-га не чакалі грантаў і не ставілі пацешных мобаў-шмобаў. Яны ўзьняліся на змаганьне з абрыдлай дыктатурай рашуча і сьмела. І ўвесь народ паўстаў.

Юрка Марозаў