ЁРНІЦТВА НА ФОНЕ ПАКУТ

2 сьнежня БТ выдала чарговую праграму “о белорусской історіі”. Тэлегледачы прызвычаяліся да правінцыйна-расейскага ўзроўню гэтых “гісторыкаў”, іхнай акупанцкай мовы і цынізму. Але гэтым разам усяго гэтага было больш чым звычайна. Гаворка вялася пра Пішчалаўскі замак, турму ў цэнтры Менска. Вядома, што пасьля нядаўняга самаразбурэньня адной з вежаў замка рэжым вымушаны быў тэрмінова вывезьці адтуль усіх вязьняў. Патрыёты ўспрынялі абвал адной з галоваў турэмнага цмока як знак канчатковай стадыі гніеньня антыбеларусага рэжыму. Але падобна, што гэта ня надта хвалюе рэжымных ідэолагаў і блазнаў ад навукі. У іх свой праект будучыні гэтай турмы. Спачатку яны ў гульлівай манэры распавялі пра даўнія падзеі ў замку. Як тут сядзелі вязьні ў 19 стагоддзі: “Арестованные участники польского мятежа...” (гэта яны пра беларускіх змагароў нашага нацыянальнага паўстаньня супраць маскаля ў 1830-31 гг.). Потым “гісторыкі” перайшлі да 20 ст.: “Сюда в царское время был помещён Якуб Колос и другие участники съезда радикально настроенных учителей...” (гэта яны так пра беларускіх адраджэнцаў). Потым, праўда, “гісторыкі” прызналіся, што ў замку расстрэльвалі людзей свецкі НКВД і немцы, але ўсё гэта падавалася ў мярзотна-пацешнай форме.

На экране штораз узьнікала непаўторная фізіяномія (з крыва прылепленай усьмешачкай) архітэктара Морозова. Гэты “архітэктар” паўтараў: “Весь опустевший замок нецелесообразно отдавать под музей. Оставим несколько мемориальных камер. Ведь сегодня есть денежные люди, готовые вложить сюда деньги. Устроим в замке высококлассную гостиницу, развлекательные учреждения...” Кур'ёзным элемэнтам тэлепраграмы былі таксама выступы начальніка сёньняшняй турмы ў замку. Ён таксама “за” забаўлялкі. Тлустаму “іскусствоведу” у палкоўніцкім мундзіры “денежные” мабыць паабяцалі пасаду начальніка забаўляльнага цэнтру ў турэмных мурах.

Прадстаўнікі пачварнага рэжыму зьбіраюцца ператварыць месца пакутаў беларускага народу ў вясёлае шоў для таўстасумаў і маскоўскіх бандыцкіх дэсантаў, якія будуць прагульваць тут свае скрадзеныя ў народа грошы. Магчыма, што вандалам хопіць часу, каб пашкодзіць гістарычны помнік. Але яны павінны ведаць, што пасьля краху рэжыма яны будуць пад канвоем дастаўлены ў Пішчалаўскі замак і разьмешчаны за кратамі ў сваіх “развлекательных учрежденіях”.

Янка Базыль