КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

Дастойнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце! Ужо болей за дзьве тысячы гадоў, як адбылася падзея, якая зьмяніла ўвесь зямны сьвет, нават гісторыю чалавецтва падзяляем на час да Нараджэньня Хрыстовага і — пасьля Ягонага Нараджэньня. Сьвята Калядаў — вялікая таямніца, бо непадуладны часу Бог стаў падобны да нас і прыйшоў у грэшны сьвет каб збавіць людзей ад граху, звольніць ад улады сьмерці. Таму падзея гэтая паяднала чалавека з Богам. Сын Божы і сын чалавечы — Хрыстос прыйшоў не зьмяніць законы Божыя, але прынёс нам разуменьне неабходнасьці любові і міласэрнасьці да нашых блізкіх (і нават для ворагаў), што асабліва актуальнае і сёньня.

Каб збудаваць Уладарства Божае, — мала верыць у існаваньне Бога, нараджэньне Сына Божага, трэба кожнаму наблізіцца да Госпада, прыняць Яго да сваго сэрца, адказаць на Божую любоў сваёй любоўю да Яго і да людзей, паказываць сваю веру справамі. Таксама, як і для таго, каб існавала Вольная Бацькаўшчына, — недастаткова разваліць савецкую імперыю зла, трэба каб Беларусь жыла ў душах беларусаў, тады можна зрабіць Вольнай краіну і шчасьлівым ейны народ.

Жадаю беларусам на Бацькаўшчыне і тым, хто жыве на Чужыне, вясёлых Калядаў і шчодрага 2009-га Навалецьця, каб каляднікі й шчадроўнікі не абміналі вашага памешканьня, і каб Ласка Божая перабывала з Вамі і вашымі блізкімі. Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!

З любоўю ды малітвамі + Сьвятаслаў Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі БАПЦ

Каляды 2008/2009.

(Паволe www.belaoc.org)