“НАД СМАЛЕНСКІМІ МУРАМІ ЎЗЬНІМЕЦЦА БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ”
11 сьнежня 2008 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляе пра ўручэньне ў Осла Нобэлеўскай прэміі міру Марці Ахцісары, былому прэзыдэнту Фінляндыі і выдатнаму дыплямату і палітыку за “умацаваньне міру ў сьвеце і братэрства паміж краінамі”. Ахцісары на працягу многіх гадоў адыгываў ключавую ролю ў залагоджваньні міжнародных канфліктаў. Ягоная заслуга — абвяшчэньне незалежнасьці Намібіі, спыненьне вайны паміж сэпаратыстамі і цэнтральным урадам на інданэзійскай выспе Адэг, а таксама абвяшчэньне незалежнасьці Косава.
Наш камэнтар: У сваёй прамове ў Осла Ахцісары згадаў, што яму асабіста вядомыя няшчасьці вайны, таму ён так пасьлядоўна працаваў дзеля міру. Сям'я Марці Ахцісары (нар. у 1937 г.) жыла ў фінскім горадзе Вііпуры (цяпер Выбарг Ленінградскай вобласьці). Калі саўдэпія напала на Фінляндыю ў лістападзе 1939 г., маці з 2-гадовым Марці разам з калёнамі цывільнага насельніцтва накіравалася ўглыб краіны, ратуючыся ад расейскіх агрэсараў. Ягоны бацька пайшоў на фронт. Людзі з памежных тэрыторыяў Фінляндыі забіралі з сабой усё што маглі: маёмасьць, жывёлу, сямейныя каштоўнасьці. Яны яшчэ добра памяталі расейскіх гаспадароў Фінляндыі, ад якіх народу ўдалося адбіцца ў 1918-19 гг. пасьля 90-гадовай акупацыі краіны Расеяй. Насустрач уцекачам маршыравалі палкі фінскай арміі.
Як вядома, Сталін і ягоная хунта разьлічвалі на хуткую перамогу над невялікай і слаба заселенай краінай. Ды абламалі свае зубы. Менавіта ад Вііпуры ўжо ў першыя дні вайны фінская армія зрабіла моцны контрнаступ супраць захопнікаў. Гэтага ніяк не чакалі крамлёўскія “геніі”. Маскоўскай ардзе замест трыюмфальнага шэсьця давялося тэрмінова закапвацца ў сьнег і прасіць падмацаваньняў. Але гэта была няроўная барацьба. Масква не шкадавала сваіх людзей і гнала іх сотнямі тысячаў у лабавыя атакі. На прыканцы вайны ў сакавіку 1940 г. менавіта Вііпуры стаўся сцэнай апошняга акту трагедыі. За тры месяцы вайны фіны панесьлі вялікія страты (22 тысячы забітымі і да 200 тысячаў параненых, расейскія страты былі ў 10 разоў большымі). Акрамя таго, шмат фінскіх войскаў было задзейнічана ў апэрацыях па блакадзе і зьнішчэньню некалькіх вялікіх катлоў на розных участках фронту, куды патрапілі савецкія дывізіі і карпусы. Людзей не хапала. На фронт накіравалі засьцянковую моладзь, не навучаную сучасным мэтадам вайны. Многія з гэтых вясковых хлопцаў ніколі ня бачылі аўтамабіля. А тут перад імі ўзьніклі танкі з чырвонымі зоркамі. Фронт пад Вііпуры рассыпаўся, вяскоўцы масава ўцякалі ад “жалезных монстраў”...
Дагэтуль Вііпуры знаходзіцца ў руках маскоўскіх акупантаў. Калі беларусы распавядаюць пра забраную маскалямі пярліну Беларусі, — Смаленск, — фіны вельмі добра разумеюць нас. Але ў іх свая трактоўка гістарычнай пэспэктывы. Беларус кажа, што калі ў Маскве пачнецца бунт а ля Пушкін і яны будуць зьнішчаць адзін аднаго, беларусы прыдуць на дапамогу суродзічам-смалянам. Згаладнелыя суродзічы будуць вітаць беларускіх вызваліцеляў, над смаленскімі мурамі ўзьнімецца Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. На гэта фінскі інтэлектуал адказвае: “Мы таксама вернем свой Вііпуры. Але без насельніцтва...” Бо ў іх там няма суродзічаў.
Юрка Марозаў