АБ НАКІРУНКАХ ПАРТЫЙНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ

Рэзалюцыя 8-га Зьезду Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Заслухаўшы палітычны даклад Старшыні Партыі, справаздачныя даклады намесьнікаў старшыні і выступы дэлегатаў, Зьезд пастанаўляе:

— У ацэнках дзеяньняў, мэтадаў і накірункаў дзейнасьці ўлічваць спэцыфічныя антыбеларускія абставіны і прамаскоўскую русіфікацыйную палітыку антыдэмакратычнага рэжыму на Беларусі.

— Прызнаць станоўчай працу кіраўніцтва Партыі, Сойму і ягоных ворганаў. Асабліва адзначыць дзейнасьць па будаўніцтве, ахове і разьвіцьці Народнага Мэмарыялу Курапаты. Лічыць неабходным працягваць гэтую працу як прыярытэтную культурна-асьветніцкую задачу Партыі.

— Лічыць правільнай і палітычна выверанай пазыцыю Партыі па байкоту галасаваньня на парляманцкіх выбарах 2008 года.

— Лічыць важнай задачай працягваць нацыянальна-асьветніцкі і палітычна-прапагандысцкі накірункі ў дзейнасьці партыйнай арганізацыі. Шукаць новыя формы, мэтады і падыходы ў прапагандзе нацыянальна-дэмакратычных адраджэнсках ідэй.

— Лічыць галоўным накірункам у палітыцы Партыі змаганьне за непарушнасьць суверэнітэту і вольную Беларусь на грунце Беларускай Нацыянальнай ідэі, за дзяржаўны статус беларускай нацыянальнай сымволікі: Бел-Чырвона-Белага сьцяга і гэрба Пагоня, за дзяржаўны статус беларускай мовы і культуры, за нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы людзей, за справядлівасьць і дэмакратыю. Перад пастаяннай пагрозай для беларускай незалежнасьці з боку Расеі Беларуская Нацыянальная ідэя ёсьць тая аб’яднаўчая сіла, якая кансалідуе грамадзтва на змаганьне супраць пагрозы дзяржаве, на стваральную працу, на барацьбу за волю і лепшую долю вялікага Беларускага народа. 21 сьнежня 2008 г. г. Менск

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ