НІЧОГА НЕ ПАКІДАЮЦЬ ВОРАГАМ
З розных месцаў Беларусі прыходзяць зьвесткі пра вынікі разбуральнага фінансава-эканамічнага крызісу. Даволі вялікі холдзінг па продажы замежных аўтамабіляў у Менску знаходзіцца на парозе краху. Кіраўніцтва ўжо абвясьціла пра звальненьне 10% супрацоўнікаў. Усе разумеюць, што гэта толькі пачатак. Пад агульную моду кіраўніцтва набрала сёлета вялікіх крэдытаў, а аддаваць іх няма чым. Холдзінг вымушаны прадаваць завезеныя з Захаду аўтамабілі па сабекошту (!), бо галоўная задача — пазбавіцца ад аўтамабіляў, якімі забіты склады.
Людзі не сьпяшаюцца купляць гэты тавар. Але многія кажуць, што крызіс у РБ быў яшчэ да гэтага крызісу. Па Менску і іншых гарадах рэгулярнымі хвалямі каціліся афіцыйныя бандыцкія пагромы прыватнай маёмасьці. Мадэль наступная. Вы распачалі сваю справу, уклалі вялікія грошы, разбудавалі элітны рэстаран з кэгэльбанам або саўну. Плаціце падаткі дзяржаве, кліенты задаволены. Раптам прыходзяць асобы з халоднымі тварамі і заяўляюць: “Это помешченіе понадобілось адміністраціі презідента...” І загадваюць вам выбірацца прэч. Рэакцыя прадпрымальных беларусаў на гэты бандытызм аднолькавая. Вызваляючы “помешченіе”, яны не пакідаюць нічога, што магло б дастацца “гэтым гадам” (так яны называюць тых, хто разбурыў іхны бізнэс). Рабочыя зьдзіраюць і вывозяць драўляныя пліты, якімі былі аформлены сьцены. Выдзіраецца ўсё да апошняга цвіка, узрываюцца кафлевыя падлогі і г.д. Гэта тыповыя паводзіны людзей, якія вымушана пакідаюць сваю тэрыторыю ворагу-захопніку.
Янка Базыль