СЬНЕЖАНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

14 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Патрэбны новы народны рух” (публікуецца).

З дакладамі аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Партыі і Фронту на Беларусі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Выступоўцы прадставілі факты глыбокага крызісу, у якім апынулася народная гаспадарка Беларусі. Спэцыфіка сістэмнага сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу ў тым, што здаровыя эканомікі выйдуць зь яго яшчэ больш моцнымі, пазбавіўшыся ад наносных утварэньняў і штучных зьяваў. А вось эканомікі, якія разьвіваліся па фальшывым шляху і насуперак нацыянальных інтарэсаў, будуць ахвярамі гэтага катаклізма. Адна з такіх — эканоміка Беларусі, створаная намаганьнямі прамаскоўскага рэжыму.

Нягледзячы на забароны і намаганьні афіцыёзнай прапаганды, з кожным днём становіцца ўсё больш зразумела, што рэжым завёў нашу краіну ў тупік. Людзей звальняюць з працы, зачыняюцца прадпрыемствы і фірмы, склады запоўнены незапатрабаванай прадукцыяй. Больш за палову беларускіх прадпрыемстваў зьяўляюцца банкрутамі. Гэта толькі пачатак разбуральных працэсаў. І што робіць рэжым у гэтай сытуацыі? Рэжым робіць усё наадварот. Завершана ліквідацыя дробнага беларускага бізнэсу, з вуліцаў нашых гарадоў зьніклі апошнія шапікі і лакальныя цэнтры гандлю. Такім чынам рэжым забясьпечыў драпежную манаполію вялікіх гандлёвых цэнтраў (гуртоўняў і крамаў), якімі валодаюць прадстаўнікі гэтага рэжыму або непасрэдна расейскія гаспадары. Яшчэ больш разбуральны характар маюць стратэгічныя дзеяньні прамаскоўскага рэжыму, які штучна прывязвае беларускую эканоміку да хворай эканомікі Расеі і беларускую фінансавую сістэму да правальнага расейскага рубля. Днямі пра гэта заявілі ў Маскве прэм’ер РБ Сідорскі і старшыня праўленьня Нацбанка РБ Пракаповіч. Яны назвалі працэс уключэньня беларускай фінансава-эканамічнай сістэмы ў расейскую сістэму найлепшай пэрспэктывай для Беларусі.

Паўстае пытаньне: ці гэтыя людзі некампэтэнтныя і не адпавядаюць прафэсійным патрабаваньням, ці яны наўмысна зьдзяйсьняюць акт нацыянальна-дзяржаўнага злачынства. Сапраўдным выйсьцем для Беларусі можа быць толькі арыентацыя на цывілізаваныя і высокаразьвітыя краіны, а не на Расею зь яе эканомікай, кантралюемай крыміналам. Стала вядома таксама, што нягледзячы на развал у расейскай эканоміцы, Крэмль працягвае фінансаваць імпэрскія акупацыйныя праграмы на Беларусі. Працягваецца будаўніцтва расейскага камбінату атрутных рэчываў у Пухавіцкім раёне непадалёк ад Менску. Разгортваецца будаўніцтва хмарачосаў у цэнтры Менску, дзе маскоўскі крымінал зьбіраецца стварыць свой цэнтар. У іх ужо гарыць імпэрскі дах у Маскве, а яны кідаюць велізарныя сродкі на захоп Беларусі. У Маскве зроблены таксама заявы пра пэрспэктыву рабскай працы на прасторах Расеі. Мяркуецца, што ў сувязі з крызісам з Расеі будуць выдалены таджыцкія і ўзбэцкія малакваліфікаваныя работнікі. Іхнае месца паводле крамлёўскага праекту павінны заняць сотні тысячаў высокакваліфікаваных беларусаў. Для гэтага Масква праз свой марыянэткавы рэжым будзе працягваць разбурэньне беларускай эканомікі і бізнэсу, каб беларусы ня мелі магчымасьці працаваць на радзіме. Беларускі народ павінен зразумець, што выратаваньне беларускай эканомікі і нашай краіны немагчымае пры існаваньні марыянэткавага рэжыму, які служыць інтарэсам чужой дзяржавы. Вырашэньне эканамічных праблемаў немагчымае без кардынальнага вырашэньня палітычных і сацыяльных праблемаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны канстатавалі, што ў большасьці людзей зьнік страх перад рэжымам. Беларусы ў адкрытую выказваюць свой пратэст супраць злачыннай палітыкі і ня вераць фальшывай прапагандзе. У шэрагу гарадоў адбыліся адмысловыя “паседжаньні працоўных”. Мясцовыя ўлады і кіраўнікі прадпрыемстваў прымусова зьбіралі ў вялікіх залях тысячы людзей, якія ня ўдзельнічалі ў апошнім выбарчым фарсе рэжыму (бачна, што рэжым напалохаўся перамогі народнага байкоту). Перад людзьмі выступалі камісары і камісаршы з Менску. Яны заяўлялі: “Нехорошо, товарищи, что вы не пошли на выборы. Как же вы посмели? Как не стыдно?..” Камісарскія выступы абрывалі галасы сьмялейшых з беларускай грамады: “Вунь нас колькі тут — тысячы. Дык што вы тлуміце нам галовы? Дзе вашы 75%, што прагаласавалі на выбарах? Хлусы, колькі яшчэ будзеце дурыць нас! Людзі ня ўдзельнічалі ў вашай авантуры!” Пад сьмех публікі сталічныя камісары разам з мясцовымі начальнікамі вымушаны былі рэціравацца з прэзыдыюмаў. Зразумела, што рэжым рыхтуе чарговы выбарчы фарс і спрабуе разам з падстаўной псэўдаапазыцыяй загнаць людзей на выбарчыя ўчасткі. Але цяпер гэта зрабіць значна цяжэй.

Выступоўцы падкрэсьлівалі, што ва ўмовах крызісу прамаскоўскага рэжыму наш народ павінен праявіць нацыянальную салідарнасьць і самастойна, не спадзяючыся на чужую дапамогу або літасьць разбуральнікаў, выратаваць сабе і сваю краіну. Гэтым шляхам пайшлі нашыя суседзі, нацыянальныя дзяржавы, што вызваліліся з маскоўска-савецкага палону.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 сьнежня 2008 г.