“ПАЛІТЫКА” ЗАНЯЛАСЯ ПРАДПРЫЙМАЛЬНІКАМІ

У першыя дні сьнежня антыбеларускі рэжым завершыў апэрацыю па ліквідацыі вулічнага дробнага бізнэсу, які належаў беларускім прадпрымальнікам. Апэрацыя працягваецца ў некалькі этапаў ужо гадоў пяць. Спачатку былі ліквідаваны (літаральна сьцерты з твару зямлі) вялікія і меншыя зоны розьнічнага гандлю ў гарадзкіх кварталах. Гараджанам вельмі ёмка было купляць гародніну, садавіну і іншыя тавары на гэтых лакальных рынках, у двух кроках ад свайго дому. Пасьля разгрому людзі вымушаны былі ісьці кілёмэтры на цэнтральныя рынкі і ўсё зьдзіўляліся: “І каму гэта трэба? Было ж так добра ўсім. І нам і дзяржаве, якой рыначнікі плацілі падаткі”.

Потым пачаўся зьдзек з драбнейшых прадпрымальнікаў, якія гандлявалі ў людных месцах, у асноўным на прыпынках грамадзкага транспарту (зноў жа гэта было ёмка для ўсіх). Улады прымусілі гэтых гаспадароў купіць вельмі дарагія стандартныя мэталічныя шапікі і гандляваць толькі зь іх. Гаспадары паставілі шапікі. Але адразу ж улады пачалі ліквідаваць гэты беларускі бізнэс. Увосень сёлета дзе-нідзе ў беларускіх гарадах яшчэ трымалі гераічную бізнэс-абарону апошнія самотныя шапікі. Але з 1 сьнежня рэжым растаптаў і гэтыя карысныя для грамадзтва невялічкія цэнтры эканамічнай актыўнасьці. Тысячы людзей згубілі ўпустую свае сродкі, урэшце страцілі працу, апынуліся са сваімі сем'ямі літаральна перад разьбітай ночвай. “Чаму так?” — пытаюцца разгубленыя беларусы. А таму, што цяпер беларусы павінны ісьці атаварвацца ў вялікія крамы кшталту “Рублёвского” і гуртоўні кшталту “Экспабелу” або “Кароны”. Там высокія цэны на ўсе тавары, там закон манаполіі, якая душыць усё жывое і актыўнае. І належаць гэтыя рублёўкі і кароны маскоўскім бандытам або бліжэйшаму атачэньню галоўнага начальніка, якія брутальнымі мэтадамі зьнішчылі на рынку беларускіх канкурэнтаў.

Сымптаматычна, што беларускія прадпрымальнікі ўсё разумеюць і кажуць пра гэта ўголас. Яны зьбіраюцца праводзіць 15 сьнежня чарговы “сацыяльны марш пратэсту” у Менску. На Радыё Свабода ўжо далі слова “прафсаюзнаму незалежнаму дзеячу” Шумчанку. Ён апісаў, як “марш” пойдзе на плошчу Бангалор і заклікаў палітычныя групоўкі і партыі не прыходзіць на ягоны “марш” і не выстаўляць там сваю сымволіку. Многім урэшце становіцца зразумела, што гэта за “незалежны” дзеяч і кім арганізаваны гэтыя некалькі “незалежных прафсаюзаў”. Галоўнай задачай гэтай агентуры рэжыму зьяўляецца дэзарыентацыя эканамічна актыўных беларусаў і завядзеньне іх у чарговы тупік. Яны зноў вядуць людзей на бангалорскі сабачнік, каб гукаць там: “Ребята, мы торгаші, нам не надо нікакой політікі!” Яны зноў будуць пісаць звароты “Уважаемый презідент, вы наш отец...” Для іх галоўнае, каб беларусы не зразумелі б, што змагацца трэба разам, як адзіны народ, пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам (як гэта рабіў у Польшчы прафсаюз “Салідарнасьць” пад польскім нацыянальным сьцягам). Эканамічна актыўныя беларусы павінны ўрэшце пагнаць прэч агентуру рэжыму і далучацца да нацыянальна-вызвольнага руху.

Янка Базыль