У МАСКВЕ РАСПУСЬЦІЛІСЯ, У МЕНСКУ — НЕПАКОЯЦЦА
4 сьнежня ў сеціве паведамілі пра, што на паседжаньні “Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў” занепакоіліся грантамі. Эўразьвяз загаворвае з рэжымам, а пра гранты цішыня. У выніку ўся вялікая “стратэгічная палітыка” і нават мобы-шмобы падстаўных пад пытаньнем. Яшчэ Папандапула казаў, што калі ў атамана “большэ залатога запасу нет, так я і сам могу разайцісь на все чэтырэ стораны”. А без грантаў, як вядома, ніводная грантаўская структура існаваць ня можа. Прытым людзі адвярнуліся ад грантаўскай апазыцыі падчас апошняга выбарчага фарсу ў верасьні сёлета.
Яшчэ два гады таму беларускае студэнцтва паднесла Вячорку, Лебедько, Калякіну і іншым вядзерка і савочкі для збору сабачых адкідаў пасьля таго, як падстаўныя ў чарговы раз вадзілі моладзь на свой чарговы “марш” на бангалёрскі сабачнік. Гэта быў своеасаблівы знак. Потым (у лістападзе сёлета) знакі прышлі з Масквы. Тамака па камандзе з Крамля-Лубянкі ў адзін дзень самараспусьціліся амаль адзінагалосным галасаваньнем усе “правыя сілы” Расеі — тыя самыя, што столькі разоў выступалі на псэўдаапазыцыйных “маршах” у Менску. Ліквідацыя маскоўскага адпаведніка наводзіць на думку, што ці не чакае такі лёс таксама і менскі адпаведнік. Рэжым ужо пагражаў, што “гэтай апазыцыі засталося нядоўга...” А тут яшчэ і з грантамі неувязка.
Журналісты паведамілі, што на нарадзе КРДС А. Дабравольскі баццам бы заявіў, што ў сувязі з “адлігай” і курсам на збліжэньне з кіраўніцтвам Беларусі прадстаўнікі і дэлегацыі з Захаду ўжо не сустракаюцца з “дэмапазыцыяй” падчас сваіх візытаў у Менск. Трэба нешта рабіць. І Дабравольскі ці то жартам ці ў сур'ёз запрапанаваў пераняць творчы досьвед Лукашэнкі ды наняць такога ж майстра піярнай рэклямы, як той, якога прывезьлі з Лёндану для Лукашэнкі. Словам, усё ператвараецца ў камэдыю і фарс. Самы грантавыя дзеячы адмаўляюць гэты фарс. Але ён ёсьць, існуе, набывае зьменныя формы.
Выглядае, што ніякія прэміі імя Сахарава ужо ня выратуюць гэтую публіку. Маргіналы, гэтак жа як і рэжым, пасьпелі абрыднуць усім. Яны зьнікнуць канчаткова як толькі ўзмацнее новая беларуская адраджэнская сіла. І гэта адбудзецца.
Янка Базыль