“НАШЫ! НАШЫ!”

28 лістапада 2008 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра лёс уцекачоў у Заходняй Эўропе ў 1945-54 гг. Такіх “displaced persons” (“перамешчаных асобаў”) на Захадзе пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны было да 9 мільёнаў. У спэцлягерах іх налічваўся адзін мільён. Астатнія выжывалі, дзе маглі: у руінах гарадоў, на вакзалах, у казармах і г.д. Вырашэньне гэтай праблемы вымагала ад пераможцаў вялікіх сродкаў. У лягярох для “перамешчаных” у Нямеччыне, Аўстрыі і Італіі знаходзілася 60 тысячаў летувісаў з агульнай колькасьці ў 250 тысячаў, што апынуліся на Захадзе. Газэта параўноўвае іхнае становішча з латышскімі і эстонскімі ўцекачамі. Балтыйскія краіны перажылі за вайну тры акупацыі. Шмат людзей было забрана немцамі на прымусовую працу, шмат уцякло ад расейскіх бальшавікоў у 1944 г. Большасьць зь іх засталіся на Захадзе, склалі ядро балтыйскіх эміграцыяў у дэмакратычных краінах.

Наш камэнтар: Летувісы зусім адэкватна ніколі не асацыіравалі сабе з расейскімі справамі і лічылі “освободітелей” акупантамі. Адно з абвінавачваньняў, якое летувіскі народ выстаўляе Маскве з 1940 г. па сёньняшні дзень, наступнае: ніхто не даваў Маскве права мабілізаваць у савецкую армію 200 тысячаў летувіскіх мужчынаў (большасьць зь іх загінула пад камандай крамлёўскіх “геніяў”). Сапраўды, паводле міжнароднага права Летува была акупаванай краінай, а акупант ня мае права забіраць у сваё войска мясцовых жыхароў. Але з самага пачатку акупацыі летувісы не дыскутавалі з маскоўскімі акупантамі, а змагаліся супраць іх у партызанскіх атрадах і рэгулярных узброеных частках. Балтыйскія народы апынуліся, аднак, паміж молатам і кавадлам. Лёс змагароў быў трагічным. У 1944 г. нямецкія акупанты канчаткова зразумелі, што дазволеныя імі нацыянальныя летувіскія часткі змагаюцца ня толькі супраць саветаў, але і ўяўляюць нацыянальную сілу, мэтай якой ёсьць незалежнасьць краіны ад рускіх і ад немцаў. З Берліна была аддадзена каманда на ліквідацыю. Гестапа арыштавала летувіскіх афіцэраў, 200 зь іх былі расстраляны. Фашысты вычвараліся, прымусілі патрыётаў перад сьмерцю маршыраваць з мётламі ў руках, каб прынізіць іх. Пасьля паразы на савецкім фронце і аднаўленьня расейскай акупацыі краінаў Балтыі, змагары апынуліся на Захадзе. Але паводле ялцінскай дамовы паміж заходнікамі і саветамі, многіх прыбалтаў выдалі на сьмерць у рукі НКВД. На тэрыторыю згаданых лягяроў для “перамешчаных” урывалася амэрыканская і брытанская вайсковая паліцыя і палкамі гнала людзей у савецкую зону. Нават нэўтральная Швэцыя напалохалася сталінскіх пагрозаў і выдала Маскве некалькі тысячаў афіцэраў і жаўнераў латвійскіх нацыянальных частак, што шукалі там прытулку. Прыбалты дагэтуль памятаюць гэтую здраду дэмакратыяў.

Найменш наіўнасьці што да Захаду і саветаў праявілі ўкраінцы. Яны добра разумелі, што нельга вяртацца з нямецкіх канцлягяроў у “пралетарскі рай”. Яны памяталі Галадамор, калектывізацыю і ўсе вабноты расейскай акупацыі. Украінцы добра разумелі, што іх чакае ў ГУЛАГу. Пры расфармаваньні вызваленых нямецкіх канцлягяроў былыя вязьні-украінцы запісваліся французамі або італьянцамі і зьязджалі разам з гэтымі нацыянальнымі групамі (французы і італьянцы не выдавалі іх амэрыканцам і саветам). На жаль, дэнацыяналізаваныя вязьні-беларусы, убачыўшы людзей з чырвонымі зоркамі на картузах, часьцей за ўсё крычалі “Нашы! Нашы!” і кідаліся да іх у абдымкі. Сотням тысячаў беларусаў, якія выжылі ў фашыстоўскім пекле, гэтая наіўнасьць каштавала новых зьдзекаў і сьмерці ў ГУЛАГу маскоўскага ворага.

Юрка Марозаў