ТЭРОР Ў СУВЯЗІ З “ВРЕМЕННЫМІ ТРУДНОСТЯМІ”

27 лістапада 2008 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” паведамляе, што атрады мусульманскіх баевікоў атакавалі цэнтр індыйскага горада Мумбая. Яны захапілі раскошныя гатэлі, стралялі па людзях у рэстаранах і на вуліцы прэстыжовых кварталаў. Забіта больш за 100 асобаў, паранена больш за 300. Тэрарысты патрабуюць вызваліць з індыйскіх турмаў усіх увязьненых мусульманскіх экстрэмістаў.

Наш камэнтар: Што да патрабаваньняў баевікоў, то яны невыканальныя (пра гэта зразумела ведалі арганізатары тэрактаў). Вядома, што большасьць з тэрарыстаў — зусім маладыя хлопцы, амаль падлеткі. Яны захопліваюць заходніх турыстаў і бяруць у закладнікі толькі брытанцаў і амэрыканцаў, астатніх выпускаюць. У гэтыя ж дні адбыліся тэракты ў Іраку і перад амбасадай ЗША ў Кабуле, загінула шмат людзей. Бачная скаардынаванасьць тэрарыстычных дзеяньняў. Масква ў сувязі з “временнымі трудностямі” (так у Крамлі называюць разбуральны фінансава-эканамічны крызіс у Расеі і рэзкае падзеньне коштаў на нафту) вырашыла актывізаваць свае экзатычныя забойчыя структуры. У выніку паралізаваны такі важны міжнародны фінансавы цэнтар, як Мумбай, дзе працавалі заходнія капіталы і бізнэсы. Ёсьць цяпер чым заняцца ЗША і іншым краінам. Будзе чым заняцца і Індыі з Пакістанам. Трэба чакаць хвалі міжэтнічных і міжканфэсійных гвалтаў у гэтых краінах.

Юрка Марозаў