88-Я ГАДАВІНА СЛУЦКАГА ЗМАГАНЬНЯ

Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы — сябры Кансэрватыўна-Храсьціянскай Партыі — БНФ!

Сёньня мы адзначаем 88-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну — легендарнай барацьбы случакоў супраць расейска-бальшавіцкай навалы.

Гісторыя гэтай гераічнай барацьбы ўвесь час папаўняецца новымі фактамі і новымі дасьледваньнямі. І кожны раз, калі мы зьвяртаемся да слуцкай гісторыі, мы адчыняем рэчаіснасьць і думкі, якія так ці інакш адбіваюцца ў нашай сучаснасьці.

Перш за ўсё нас уражвае той дух змаганьня і салідарнасьці случакоў перад чужынскай небясьпекай і гатовасьць змагацца за волю і незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Уражвае масавая энэргія і ахвярнасьць людзей, у асноўным простых сялянаў, энтузіязм у абароне сваёй Радзімы, калі тысячы людзей ішлі дабраахвотна ў беларускае войска і беларускія маці самы выпраўлялі сваіх сыноў на вайну з маскалём.

Гэта было сапраўднае народнае рушэньне, якім кіравала калектыўная Рада Слцччыны. Тут, у цэнтры Беларусі, перад небясьпекай новай маскоўскай навалы нібы адрадзіўся былы шляхецкі дух Вялікага Княства, калі перад чарговым нападам Масквы зьбіралася войска, каб зьнішчыць ворага і бараніць Літву.

Вось гэта тое вольнае ўсьведамленьне, тая гатовасьць пастаяць за краіну і за сябе, тая рашучысьць у абароне сваёй зямлі і сваёй волі, гэта тое, чаго так не хапае цяпер, калі вораг і здрада залезьлі ў наш дом. Але слуцкія ваяры даюць нам прыклад адносінаў да Бацькаўшчыны і да яе ворагаў. Тут ёсьць чаму павучыцца ў нашых продкаў і ёсьць чым ганарыцца.

Другое, што ўражвае, гэта змагарнасьць случакоў, якія, ня маючы належнай зброі, вялі зацятыя баі зь велізарнай маскоўскай ардой, выпіралі іх зь беларускіх мястэчак і вёсак. Характэрна, што калі ў расейскім войску аказваліся якія-небудзь беларусы, то яны не ваявалі, а пераходзілі на бок случакоў. Тады расейцы пачалі выкарыстоўваць супраць беларусаў кітайцаў, якіх ў бальшавіцкім маскоўскім войску на Беларусі было амаль 40 адсоткаў жаўнераў. Але й гэта не дапамагло расейцам. Усё вырашыла толькі арда — шматкроць пераважная колькасьць войска, якую маскоўцы кінулі на случакоў. І тады слуцкія ваяры адышлі з баямі за рэчку Лань у нэўтральную зону.

Але некаторыя групы случакоў усё ж не перайшлі за Лань, а засталіся на Случчыне і яшчэ доўга нішчылі маскоўскіх камісараў, нагадваючы расейцам, што прысутнасьць іх на Беларускай зямлі часовая і няпэўная.

Часовая прысутнасьць і ўсіх цяперашніх ненавісьнікаў беларушчыны, што залезьлі ў наш дом праз вакно. Праз вакно залезьлі — праз вакно і будуць выскокваць у сваю Маскву. Скончыцца лукашызм, русіфікацыя і гэбоўска-маскоўская акупацыя, як толькі беларусы злучацца ў адзіны рух і адзіную сілу, як некалі нашыя продкі на Случчыне.

Трэба злучацца ў Беларуcкі народны рух супраць расейшчыны, гэбоўшчыны і лукашызму. Гэты час не за гарамі. Мы павінны быць падрыхтаванымі да яго. Дух случакоў, іх гатовасьць бараніць Бацькаўшчыну хай будзе нам прыкладам і ўзорам патрыятызму. Гераізм Слуцкага чыну ня будзе забыты ніколі. Дзень збройнага выступу слуцкіх змагароў стане памятным дзяржаўным сьвятам у вольнай беларускай Беларусі.

Слава героям слуцкага змаганьня!

Жыве Беларусь!

27 лістапада 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК