УШАНАВАНЬНЕ ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ НА СЛУЧЧЫНЕ

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 88-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 30 лістапада аўтобус з менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны каля манумэнтальных крыжоў, усталяваных фронтаўцамі ў 1990-я гады, ускладалі кветкі, запальвалі зьнічкі. Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, харугва з выявай Пагоні. На мэмарыяльных мітынгах выступілі сакратары Управы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп. Валеры Буйвал і сп. Алесь Чахольскі. Яны казалі пра вялікі подзьвіг случакоў, якія ў лістападзе-сьнежні 1920 года засланілі Беларусь ад расейска-бальшавіцкай арды. Сілы былі няроўныя, вораг меў лепшую зброю, чырвоныя камісары гналі ў бой дзесяткі тысячаў паднявольных людзей. Але палкі слуцкіх дабраахвотнікаў грамілі ворага, гналі яго з сваёй зямлі, змагаліся, пакуль ставала сілы.

Гэты подзьвіг меў вялікае гістарычнае значэньне для нашай краіны. Мужны супраціў народу на Случчыне вымусіў бальшавікоў адмовіцца ад поўнага зьнішчэньня Беларускай дзяржаўнасьці і пайсьці на ўтварэньне БССР. Такім чынам, слуцкія героі змагаліся і за нашую будучыню, за Беларускую дзяржаву, адроджаную ў 1991 годзе. Але падзеі тае пары даюць нашым сучасьнікам таксама іншую навуку. У 1917-20 гадах значная частка насельніцтва Беларусі засталася пасіўным назіральнікам нашай нацыянальнай драмы. Многія людзі меркавалі адседзецца, прыстасавацца да “новай улады”.

Маскоўскія акупанты, захапіўшы нашую краіну, з першых дзён пачалі зьдзяйсьняць палітыку генацыду беларускага народу, зьнішчэньня нашай культуры і мовы. Гісторыя паўтараецца сёньня на новым вітку. Зноў Масква ашчэрваецца на Беларусь. Зноў пад абяцанкі “зямнога раю” і “славянскага адзінства” Крэмль разьлічвае беспакарана зьнішчаць наш народ і эксплуатаваць нашыя нацыянальныя багацьці. Менавіта дзеля выкананьня гэтага праекту дзейнічаюць на Беларусі прамаскоўскі марыянэткавы рэжым і прышпіленая да яго прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Беларусы не павінны даць сябе падмануць. Трэба салідарна абараніць нашую Айчыну ад лютага ворага, які зноў лезе на нашую зямлю з сваімі “іскандэрамі”, мафіяй і імпэрскім маразмам.

Выступоўцы нагадалі, што беларусам удалося стварыць 100-тысячную нацыянальную армію ў жніўні-верасьне 1917 года. Але яна была далёка ад Беларусі — на Румынскім фронце. У 1920 годзе было недастаткова сілаў, каб разграміць маскоўскіх захопнікаў. Нацыя павінна мець сваю армію, сапраўды нацыянальнае войска, прасякнутае не “савецкім патрыятызмам”, а беларускім змагарным духам. І жыць наша армія павінна на роднай беларускай мове, а не на мове акупантаў. Тады наш народ будзе непераможным. У Вызьне людзі ўсклалі кветкі на месцы, дзе вандалы колькі гадоў таму зламалі манумэнтальны крыж. Камандваў вандаламі мясцовы служка РПЦ ў сутане. Ён крычаў, калі зьнішчалі крыж: “Убрать сей сатанинский крест! Неправильный крест!” Гістарычная форма беларускага Крыжа — Крыжа Еўфрасіньні Плоцкай — выклікала нянавісьць у расейца з РПЦ. І гэта таксама навука беларусам. Служэньне Богу і народу на Беларусі можа быць толькі на беларускай мове, з любоўю да нашай традыцыі і духоўнасьці. Усё акупанцкае — ад нячысьціка.

На прыканцы праграмы менчукі прыехалі ў Слуцк. Праз цэнтар горада прайшло шэсьце пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, да якога далучыліся мясцовыя жыхары і сябры Партыі з Салігорска, Баранавічаў, Капыля. Людзі несьлі транспаранты “Слава змагарам Случчыны!”, “Абаронім Беларусь ад расейскай імпэрскай агрэсіі!” Перад гістарычным будынкам, дзе ў лістападзе 1920 г. адбыўся зьезд Случчыны, быў праведзены мэмарыяльны мітынг. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “88-я гадавіна Слуцкага змаганьня” (публікуецца). Выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Выступоўца гаварыў пра вялікую маральную сілу народнай памяці. Акупацыйныя ўлады ўвесь час імкнуліся і спрабуюць цяпер зацерці памяць пра подзьвіг случакоў. Яны баяцца народнай памяці, што дае сілу і ўпэўненасьць у барацьбе за волю і незалежнасьць. Але ня ўдасца зьнішчальнікам Беларусі пазбавіць нас нашых духоўных каштоўнасьцяў, славутых імёнаў беларускіх герояў, ня ўдасца навязаць нам антычалавечыя псэўдакаштоўнасьці. Маскоўская імпэрыя, супраць якой змагаліся случакі, выходзіць цяпер на чарговы віток самаразбурэньня.

Сакрушальны эканамічны крызіс выклікае і сацыяльную катастрофу ў Расеі. І што ж робіць у гэтай сытуацыі мясцовы прамаскоўскі рэжым? А рэжым кажа беларусам: “У маскоўскім банку крах. І таму трэба несьці свае грошы ў гэты банк...” Такая вычварная логіка гэтага небеларускага рэжыму, што існуе на нашай зямлі. Яны прывязваюць Беларусь яшчэ больш да хворай, правальнай і няшчаснай Расеі. Наш народ павінен не дапусьціць нацыянальнай катастрофы ў абдымках з Імпэрыяй Зла. Наша выратаваньне — ва ўзаемавыгадных сувязях з цывілізаванымі краінамі сьвету, а не з імпэрскай катастрофай. Беларуская народная салідарнасьць ужо мае сваю перамогу. Зусім нядаўна, на верасьнёўскім выбарчым фарсе беларусы адвярнуліся ад рэжыму і яго псэўдаапазыцыі, не пайшлі на выбарчыя ўчасткі. Народны байкот прадэманстраваў моц нашай Салідарнасьці і пустату антынароднага рэжыму, у якога няма будучыні.

Мэмарыяльныя мерапрыемствы завяршыліся ўскладаньнем кветак каля гістарычнага будынка. Людзі сьпявалі духоўны беларускі Гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

30 лістапада 2008 г.