ЁСЬЦЬ ПРАБЛЕМЫ З ІНФАРМАЦЫЯЙ, АЛЕ АДРАДЖЭНЬНЕ ЙДЗЕ.
30 лістапада сёлета сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі (як мы ўжо паведамлялі) традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы на Случчыне, прысьвечаныя ўгодкам Слуцкага Збройнага Чыну. У Грозаве, Семежаве і Вызьне людзі ўшанавалі памяць беларускіх герояў. У Слуцку адбылося шэсьце праз цэнтар гораду і мэмарыяльны мітынг каля гістарычнага будынку. Усе мерапрыемствы адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, людзі сьпявалі ваярскія і рэлігійныя гімны. Выступоўцы казалі пра гісторыю беларускага супраціву расейскім акупантам і пра сёньняшняе драматычнае становішча ў нашай краіне. Да ўдзельнікаў мерапрыемстваў далучылася шмат мясцовых жыхароў.
Гэта традыцыйная патрыятычная акцыя КХП — БНФ, якую мы праводзім штогод (хоць пры гэтым рэжыме арганізаваць і правесьці яе не заўсёды было проста). Інфармацыю пра патрыятычную падзею неадраджэнскі друк заўсёды дае вельмі скупую (альбо не дае ўвогуле). Гэта ўжо сымптаматычная зьява. Сёлета радыё Свабода, напрыклад, таксама ў тыповым стылі — 98% эфірнага часу прысьвяціла расповяду пра аўтобусную “экскурсію”, групы экскурсантаў, якую правялі ў гэты ж дзень В. Сіўчык, М. Статкевіч і Н. Стужынская. Экскурсанты сапраўды пабывалі ў гістарычных мясьцінах, хадзілі там без нацыянальнай сымволікі, аглядалі крыжы, уяўляючы сабой звычайную грамаду. Такіх экскурсіяў у нашай краіне адбываецца сотні, а мо й тысячы ў дзень.
Тым чысам журналісты радыё менавіта гэтую нязначную імпрэзу паставілі ў цэнтар увагі беларускага грамадзтва і свайго рэпартажу. А дзе ж сапраўдная грамадзка- палітычная падзея ўшанаваньня, якая адбылася ў гэты дзень? Вось гэта арыгіналы!
Факт нязначны, але тыповы. Некаторых нашых фронтаўцаў такая “інфармацыя” злуе, некаторых пацяшае, выклікае іронію і кпіны. Як бы там ні было, але хутка настане іншы час, і ў вольнай Беларусі ўсё будзе па-іншаму, лепей і талкавей. Дзеля гэтага наша адраджэнская праца.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
1 сьнежня 2008 г.