“КРИЗИСА НЕТ, ТОЛЬКО ПОРОЖДЕНИЕ НАШЕГО СОЗНА-А-А-А-АНИЯ...”

Старэйшыя людзі памятаюць, як пачыналіся пры саветах ранішнія тэлерэпартажы і зборнікі сюжэтаў пад назовам “кіножурнал”, што паказвалі перад пачаткам сэансу ў кінатэатрах. Іграла лёгкая аптымістычна-гімнастычная музычка, пасярод ткацкага або тэрмітнага цэху рытмічна махалі рукамі ткачыхі і тэрмітніцы. Савецкі рабочы кляс разьмінаўся. Усе разумелі, што гэта кінафальшыўка. І вось мы дачакаліся ўрэшце тэлепраўды. Цяпер расейскія тэлеканалы паказваюць раніцай псіхолагаў і нават псіхіятраў. Гэтыя спэцы ў белых халатах плаўна рухаюць рукамі перад групай грамадзянаў і грамадзянак у трыко і таямніча-загадкава амаль сьпяваюць: “Кризиса нет, всё хорошо-о-о. Скажем депрессии не-е-ет. Всё это только порождение нашего сознания, нашего созна-а-ания...” Сальвадор Далі і іншыя пазайздросьцілі б гэтаму сюррэалізму. А дама ў белым халаце паабяцала з тэлеэкрана, што ў Расеі будуць створаны тысячы “депрессівных кабінетов”. Цьвярозыя людзі, што пабылі ў крамлёўскіх кабінэтах, публікуюць у інтэрнэце зьвесткі пра дрыжэньне рук у лубянскіх начальнікаў, якія ведаюць сапраўдны размах эканамічнай і сацыяльнай катастрофы на прасторах Расеі і мабыць задумваюцца аб адказнасьці.

Янка Базыль