“ЭЛІТЫ” І “КОНТРЭЛІТЫ”

Радыё Свабода зрабіла чарговы панегірычны рэпартаж пра былога “агульнага дэмакрата” Мілінкевіча. Толькі гэтым разам з панегірыка выйшаў вельмі самараспранальны маналёг. А было так... 15 лістапада ў Менску праходзіў “нямецка-беларускі форум”. Немцы перамаўляліся з прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму пра тое, як усім ім жыць далей (бо пасьля перамогі народнага байкоту на нядаўнім выбарчым фарсе сітуацыя зьмянілася). Пасярод форума ва ўласьцівай яму гутапэрчывай манэры шпацыраваў Мілінкевіч. “Свабода” паведамляе, што калі ён праходзіў каля амбасадара ФРГ Г. Вайса, той размаўляў з Макеем, кіраўніком “прэзыдэнцкай адміністрацыі” Лукашэнкі. Вайс гукнуў Мілінкевіча і пазнаёміў яго з Макеем. Цытуем расповед Мілінкевіча: “Я выклаў яму сваю пазіцыю, якая супадае з пазіцыяй аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Я лічу, калі краіна ў небясьпецы, вельмі важна, каб эліты і контрэліты знайшлі між сабой агульную мову. Бо ў нас агульны інтарэс: захаваць Беларусь”. Вось як, аказваецца... У іх з антыбеларускімі “элітамі”, якія зьнішчаюць нашую культуру, мову і Дзяржаву, агульны інтарэс. Многія беларусы здагадваліся аб гэтым, назіраючы за дзеяньнямі псэўдаапазыцыі (“контрэлітаў”, паводле Мілінкевіча) і слухаючы іхныя фальшывыя і пустыя прамовы пра “дыялёг” і “кантроль за ўладай”. Цяпер гэта прагучала ў адкрытую, як у савецкім фільме “Шчыт і меч”, дзе інфільтраваны ў нямецкія структуры шпіён Вайс вывеў усіх на чыстую ваду.

Янка Базыль