ВЫРАДЖЭНЬНЕ. ЗЛАВЕСНЫ ЗНАК УНУТРАННАЙ АКУПАЦЫІ
У беларускай вёсцы у цэнтры Беларусі вяскоўцы-беларусы зьбілі аднавяскоўца-беларуса за размову па-беларуску. Гэты змрочны сымвалічны факт можна прыраўняць да жмені пустых арэхаў.
Цытата з радыё “Свабода”: “15 лістапада вядомага мастака Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр Крупскага раёну цяжка зьбілі 5 мясцовых хуліганаў, сярод якіх быў навучэнец школы міліцыі Сяргей Шынкевіч. Прычынай агрэсіі стала беларуская мова.”
Пакалечаны Пушкін, відаць, адчуў, як сьведамы беларус і як мастак, панурую сымволіку зьявы і пасьля арышту разбойнікаў прапанаваў ім выбар: альбо крымінальная справа і турэмная камэра, альбо пакаяньне ў царкве. Ўсе прыйшлі ў царкву...
Мастак за свой кошт даў ім фармальны шанец не памерці вырадкамі. Але гэта толькі яго сымволіка. Подых выраджэньня трывае далей. Людзі, якіх узрушыла і зацікавіла гэтая падзея, абмяркоўваюць выключна толькі разумны ўчынак мастака Пушкіна, але жах праклятага часу нацыянальнага суіцыду, увасабленьнем якога сталі пяць вырадкаў, вымагае задумацца ўсім, як на краі бездані, пра выбар усіх.
Мар'ян Ванькевіч