ВОСЬ ТАКАЯ Ў ІХ “ГІСТАРЫЧНАЯ НАВУКА”.
17 лістапада 2008 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра 90-годдзе ўтварэньня летувіскай нацыянальнай арміі ў 1918 годзе. Публікуе праграму ўрачыстых мерапрыемстваў, якія адбудуцца 16-23 лістапада ў Вільні і шэрагу іншых гарадоў краіны: выставы, навуковыя канфэрэнцыі, канцэрты, шэсьці і мітынгі.
Наш камэнтар: Зразумела, што падобныя мерапрыемствы былі пад забаронай у пэрыяд маскоўскай акупацыі Летувы. Але ці скажуць усю праўду пра даўнія падзеі сёньняшнія летувісы на сваіх канфэрэнцыях і мітынгах. Ці скажуць іхныя палітыкі і прафэсары слова падзякі беларускім палкам, якія ў складзе летувіскай арміі баранілі Вільню ад бальшавікоў. Ці згадаюць аб беларускім паходжаньні выдатных генэралаў летувіскага войска Сільвэстраса Жукаўскаса, Пранаса Лятукаса, Ёнаса Галвідзіса-Быкаўскаса, Канстанцінаса Жукаса, Юозаса Краўцэвічуса, Вінцаса Віткаўкаса (мы назвалі амаль усіх вядучых камандзёраў арміі Летувы 1918-40 гадоў). Хочацца верыць у лепшае, але хутчэй за ўсё ніхто не згадае і ня скажа. Гэта ўжо стала завядзёнкай у летувіскай гісторыяграфіі (з усімі прэтэнзіямі на навуковасьць і дакумэнталізм). Пачытаем, напрыклад, зборнік навуковых артыкулаў, выдадзены ў 2004 г. у Вільні пад тытулам “Грамадзкі супраціў у Летуве і Польшчы: агульнае і адметнае. 1939-1956”. Лепшае, што там напісана пра беларусаў выглядае так: “Беларуская меншасьць Віленскага краю нічым ня вызначылася...” Вось такая “гістарычная навука”.
Алесь Хадасевіч