ЮБІЛЕЙ ЛАТЫШСКАЙ АРМІІ
16 лістапада 2008 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра выставу ў Нацыянальным Гістарычным музэі ў Рызе, прысьвечаную вайне за незалежнасьць Латвіі ў 1918-20 гг. Публікуюцца архіўныя фотаздымкі на тэму “Бэрмантыяды” (так называюць латышы гэты пэрыяд вайны). У кастрычніку 1919 г. атрады расейска-нямецкіх авантурнікаў, ядро якіх склала Заходняя расейская армія, паспрабавалі раздушыць Латвійскую рэспубліку і захапіць уладу ў свае рукі. 8 кастрычніка 1919 г. гэтая групоўка пад камандваньнем лівонскага немца Бэрманта і расейца Авалава захапіла палову Рыгі. Фронт падзяліў сталіцу па рацэ Даўгаве. Радзіму абаранялі часткі латвійскай арміі і дабраахвотнікаў. Акупанты абстрэльвалі Рыгу з гарматаў. Баі працягваліся больш за месяц. 11 лістапада латышы вызвалілі Рыгу, над Рыжскім замкам быў узьняты нацыянальна-дзяржаўны чырвона-бела-чырвоны сьцяг. На здымку ў газэце паказаны эпізод гераічнага змаганьня. За барыкадай на беразе Даўгавы заляглі байцы паспалітага рушэньня. Упэўнена трымае вінтоўку пажылы рабочы. Побач зь ім маладзейшыя байцы. Адзін зь іх павярнуўся да аб'ектыва фотакамэры і ў фотакампазыцыі назаўсёды адлюстраваўся ягоны юны, сьветлы твар. За барыкадай стаіць латышскі афіцэр, разглядае пазыцыю ворага ў бінокль. Латышы не напалохаліся магутнага ворага і заваявалі перамогу.
Наш камэнтар: Ня першы і не апошні раз ў гісторыі расейскія авантурнікі знайшлі агульную мову з нямецкімі авантурнікамі ў справе зьнішчэньня народаў. На працягу стагоддзяў яны валадарылі зямлёй і багацьцямі латышскага народа. Немцы зьняважліва называлі латышоў “Undeutsche” (“Нянемцы”) і эксплуатавалі іх. Ад Пятра І Шалёнага Латвіяй валодалі расейцы, якія з першых гадоў ўзяліся за русіфікацыю края. Пасьля краху царскай імпэрыі ў 1917 г. народ разьбіў помнік Пятру І у цэнтры Рыгі і паставіў там велічны Помнік Свабоды. Але да гэтага была народная салідарнасьць і гераічнае змаганьне. У сувязі з сакрушальнымі паразамі расейскай арміі на Паўночна-Заходнім фронце цар Мікалай ІІ у 1915 г. пайшоў на небывалыя саступкі латышам, дазволіўшы стварыць нацыянальныя вайсковыя палкі латышскіх стралкоў. Яны павінны былі засланіць ад немцаў Рыгу і дарогу на Петраград. Камандзёрамі былі прызначаны афіцэры-латышы, многія зь якіх прайшлі яшчэ японскую вайну 1904-05 гг. Яны няўпэўнена, з цяжкасьцю размаўлялі з падначаленымі па-латышску, за дзесяцігоддзі царскай службы грунтоўна забыўшы яе. Але гады барацьбы за родную зямлю выправілі гэты недахоп. У 1918-20 гадах ворагаў сустрэла баяздольная і прасякнутая нацыянальным духам латышская армія, якую падтрымліваў народ. Латышы далі дыхту чырвоным і белым, кайзэраўцам і ленінцам. Радзіма была выратавана.
Валеры Буйвал