ЗМАГАРНЫ ТЫБЕТ
16 лістапада 2008 г. Ангельская газэта “Times” піша пра дыскусіі ў тыбецкім грамадзтве напярэдадні вальнага паседжаньня Тыбецкага Нацыянальнага Сходу на выгнаньні. Старэйшыя палітычныя лідэры заклікаюць да памяркоўнасьці і мірных мэтадаў барацьбы. А тыбецкая моладзь крытыкуе Далай Ламу за ягоную саступлівасьць і памяркоўнасьць у зносінах з кітайскім ворагам. Лідэр арганізацыі “Тыбэцкі Маладзёвы Кангрэс” Цэван Рыгзін заявіў, што моладзь не пашкадуе сваёй крыві ў змаганьні за вызваленьне бацькаўшчыны ад кітайскіх акупантаў. У апошнія гады менавіта моладзь змагалася ў авангардзе руху за вызваленьне Тыбета. Увесну сёлета маладыя тыбэтцы разграмілі і спалілі ў сталіцы Тыбэта Лхасе шэраг кітайскіх аб'ектаў, забівалі кітайцаў, біліся з кітайскімі войскамі і спэцчасткамі. “Мы ніколі ня пойдзем на саступкі.” — заявіў Зю Вэйкун, кітайскі камісар па справах тыбэцкай эміграцыі.
Наш камэнтар: У тыбэцкую палітыку прыйшло новае пакаленьне змагароў, якія больш ня хочуць цярпець акупантаў на сваёй зямлі і бяруць ў рукі зброю. За імі ўжо не пасьпяваюць старэйшыя. Даскакаліся да ваеннай канфрантацыі таварыш Зю ды іншыя акупанцкія бонзы, што дзесяцігоддзямі душылі ў Тыбэце ўсё жывое і чалавечае. Вядома, што кітайшчына дзейнічае ня толькі брутальнымі мэтадамі ў акупаванай старажытнай краіне. Спэцслужбы і іхныя “іскусствоведы в штатском” разгарнулі ў Тыбэце вырабленую праграму па вычварэньню нацыянальнай культуры тыбэтцаў. Дазволеныя акупантамі фальклёрныя ансамблі выконваюць танцы, у якіх парушаны традыцыйныя рысунак і плястыка. Музыка “а ля Тыбет” выконваецца выключна фальшывая (нешта накшталт цяперашняй русскоязычной папсы ў РБ). У касьцюмах фальклёрных выканаўцаў забаронена выкарыстоўваць традыцыйныя, любімыя тыбэтцамі колеры. Усё гэта фальшывае, прыдуманае ворагамі нацыянальнай культуры. Тыбэцкая мова забаронена ў афіцыйным ужытку. Не існуе аніводнай школы на нацыянальнай мове. 90% дзяцей наагул нідзе ня вучацца. Ня дзіва, што моладзь бярэцца за зброю. Вядома таксама, што кітайскія спэцслужбы спрабавалі мабілізаваць мясцовых попікаў-гапонаў (гэткіх тыбэцкіх фінькевічаў-дашкевічаў), якія меліся паставіць пад кантроль акупантаў маладзёвы рух і завесьці яго ў тупік пад фальшывай, нетыбэцкай сымволікай. Аднак тыбэцкая моладзь пагнала ад сябе гэтых падстаўных і крочыць у змаганьні пад нацыянальным тыбэцкім сьцягам, які забаронены акупантамі.
Юрка Марозаў