РАТАВАЦЬ АЙЧЫНУ ТРЭБА ЦЯПЕР

14 лістапада 2008 г. Іспанская газэта “АВС” піша пра трагедыю ва ўсходняй частцы Дэм. Рэспублікі Конга. Ужо каторы месяц там ідуць лютыя баі паміж кангалезкай арміяй і паўстанцкімі атрадамі з суседняй Руанды. Паўстанцы народнасьці тутсі ўварваліся на тэрыторыю суседняй краіны і сьцьвярджаюць, што “змагаюцца супраць хуту, якія забівалі іхных суайчыньнікаў, а цяпер дзейнічаюць у Конга”. 250 тысячаў мірных жыхароў уцяклі з сваіх дамоў. Людзі галадюць, пакутуюць на хваробы. Жаўнерства абрабоўвае, забівае насельніцтва. Масавы характар набылі гвалты і выкраданьне непаўналетніх дзяцей, якіх прымушаюць ваяваць са зброяй у руках.

Наш камэнтар: Чужая трагедыя ў суседняй Руандзе стала прычынай гуманітарнай катастрофы для кангалезцаў. Вельмі важна для кожнай дзяржавы мець умацаваныя межы з нестабільнымі суседзямі, кантраляваць сваю тэрыторыю і гнаць прэч бандытаў і захопнікаў.

Афрыканскую лекцыю павінны не прапусьціць міма вушэй беларусы. У суседняй Расеі ўжо каторы год лютуе гуманітарная катастрофа мільёнаў няшчасных людзей. А апошнім часам імпэрыю скалануў магутны фінансава-эканамічны крызіс, які будзе працягвацца вельмі доўга. Спэцыялісты кажуць пра пачатак поўнага развалу Імпэрыі Зла. Ужо цяпер крызіс дае жудасныя сацыяльныя вынікі. Прамаскоўскі рэжым у Менску замест таго, каб ратаваць Беларусь ад кашмару ў суседняй дзяржаве, з кожным днём усё больш прывязвае нашу эканоміку, фінансы, палітычную, вайсковую і іншыя сфэры да расейскага кашмару. Злачынная палітыка.

Беларусы павінны абараніць, адгарадзіць сваю зямлю ад расейскіх бандытаў, ад расейскага бунту, які абавязкава ахопіць Расею. Ратаваць Айчыну трэба ўжо цяпер, пакуль ня позна.

Юрка Марозаў