ФАШЫЗМ РУДЫ І ЧЫРВОНЫ
8 лістапада 2008 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра 70-я ўгодкі “Крышталёвай начы”. У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 г. нямецкія нацысты арганізавалі габрэйскі пагром па ўсёй Нямеччыне. Былі спалены сотні сінагог, кватэраў, крамаў, забіты і паранены людзі. З гэтай хвалі тэрору пачаўся шэраг германскіх злачынстваў супраць народаў Эўропы. Газэта спасылаецца на сацыялагічныя апытаньні і публічныя дыскусіі, якія з нагоды змрочных угодкаў праводзяцца па ФРГ. Большасьць сёньняшніх немцаў хацелі б забыцца пра тыя падзеі, нічога не ўспамінаць. Аказалася, што ў сем'ях ніхто са старэйшых не выхваляецца перад маладымі сваім сяброўства ў нацыстоўскай партыі і “подзьвігамі” фашыстоўскага пэрыяду. Як сказаў адзін маладзён на тэледыскусіі: “Мы павінны верыць нашым дзядам...”
Наш камэнтар: Памятаць, зразумела, трэба. Памятаць, прасіць прабачэньня, саромецца. Але нават цяперашняя рэакцыя нямецкага грамадзтва зьяўляецца знакавай. Немцы прынамсі не выхваляюцца... Зусім іншае з расейскім чырвоным фашызмам-бальшавізмам. Гэтаму монстру па ўсёй Расеі стаяць помнікі і сьпяваюцца гімны. Натоўпы маразматыкаў разам з фашызаванай моладдзю маршыруюць з партрэтамі Сталіна-Леніна і равуць сваё хайль. Расейскі гэбізм будуе сваю імпэрскую ідэалогію на ўсхваленьні злачынстваў КПСС-НКВД. У абсалютнай большасьці сем'яў “вэтэраны” выхваляюцца сваімі “подзьвігамі”. Безумоўна, усё гэта адбываецца таму, што нямецкі фашызм быў разгромлены і забаронены, а расейскі фашызм квітнее на прасторах РФ і на падпарадкаваных яму тэрыторыях.
Юрка Марозаў