ГАДАВІНА АЎСТРЫЙСКАГА РАСПАДУ

8 лістапада 2008 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе чарговы артыкул і фота, прысьвечаныя 90-годдзю абвяшчэньня Аўстрыйскай рэспублікі. У выніку сакрушальнай паразы ў Першай сусьветнай вайне крахам заканчвалася тысячагадовая гісторыя імпэрыі Габсбургаў. Апошні кайзэр 16 кастрычніка 1918 г. выдаў у Вене маніфэст, дзе напісаў быў пра “саюз вольных народаў, які паўстане з буры вайны...” Ды было ўжо позна, шматнацыянальная імпэрыя распадалася. 21 кастрычніка быў утвораны часовы Нацыянальны сход, які ўзяў дзяржаўную ўладу ў свае рукі. Да капітуляцыі заставалася некалькі дзён.

Наш камэнтар: Пацешна чытаць любыя маніфэсты пра “саюз нерушымы”. Як толькі мільёны людзей адмаўляюцца падпарадкоўвацца імпэрскаму маразму, імпэрыя развальваецца нягледзячы на зьнешнюю сваю магутнасьць. Імпэрская Вена на сваю галаву ўвязалася ў 1914 г. у Вялікую вайну. Бяздарнае аўстрыйскае ваеннае кіраўніцтва, якое давяло армію і флёт да ганебных паразаў, ужо ў 1915 г. вымусіла Берлін браць у свае рукі агульнае камандваньне нямецка-аўстрыйскімі войскамі. Ужо з першых месяцаў вайны прыгнечаныя народы дэманстравалі нежаданьне ваяваць за германцаў. 2-гі Пражскі полк з разгорнутымі сьцягамі і пад музыку аркестра перайшоў праз лінію фронта і ў поўным складзе здаўся расейскай арміі. Франтавое жаўнерства нават распрацавала арыгінальны спосаб прыёму дабраахвотных ваеннапалонных. Чэхі, славакі, харваты ў аўстрыйскіх мундзірах павінны былі высока трымаць рукі ўгару і дэклямаваць уголас малітву “Ойча наш”, тады іх прапускалі праз пазіцыі расейскай арміі.

У апошні год вайны дэмаралізацыя і распад імпэрскай арміі дасягнуў найвышэйшага пункту. З агульнай нянавісьці да германцаў і памкненьня да волі нарадзілася нябачаная дагэтуль салідарнасьць прыгнечаных народаў. На гэты час сьцішылася нават даўняя нянавісьць, што падзяляла славянскіх і ўгорскіх падданых імпэрыі. Тысячы жаўнераў уцякалі з фронта. Насельніцтва хавала іх, дапамагала вопраткай і ежай. Малыя дзеці вялі іх ляснымі сьцяжынамі. Чыгуначныя кантралёры “не заўважалі” гэтых пасажыраў без квіткоў. Вайсковыя патрулі не арыштоўвалі іх, а падказвалі, куды бегчы і дзе хавацца. Нават калі яны траплялі ў турму, зь імі абыходзіліся гуманна. Усе чакалі канчатковага краху. Калі стала вядома аб капітуляцыі ненавісных Вены і Берліна, мільёны людзей у мундзірах і ў цывільным зьбіраліся на мітынгі, сьвяткавалі паразу імпэрскіх ворагаў і сваё нацыянальнае вызваленьне. Невядома адкуль (так думалі аўстрыякі) зьяўляліся нацыянальныя сьцягі і ўздымаліся над людзкімі масамі. Аўстрыйская адміністрацыя разьбягалася. Нешта падобнае перажылі беларускія жаўнеры, што служылі ў розных кутках саўдэпіі ў жніўні 1991 г., калі адбыўся першы віток распада Імпэрыі Зла.

Валеры Буйвал