БЕЛАРУСКАЯ ПРЫСУТНАСЬЦЬ
9 лістапада 2008 г. Партугальская газэта “Espresso” публікуе фота і тэксты пад рубрыкай “Сем цудаў Партугаліі ў сьвеце”. Партугальскія архітэктары, мастакі, інжынэры стварылі шмат цудоўнага ў Бразіліі, Кітаі, Малайзіі, Індыі, Афрыцы. Там, куды даплывалі партугальскія мараходы, дзе дагэтуль гучыць партугальская мова.
Наш камэнтар: Неабходна аднавіць гістарычную справядлівасьць і ў адносінах да цудаў беларускай творчасьці па-за межамі сёньняшняй Беларусі. Нашае грамадзтва павінна ведаць пра шэдэўры беларускай архітэктуры, скульптуры, жывапісу, кнігадруку, якія знаходзяцца ў Супрасьлі (Польшча), Вільні, Рызе, Таліне, Маскве, Пецярбурзе, Смаленску. Фальшывая савецкая псэўданавука адрэзала гэты пласт ад нашай цывілізацыі. Павінны быць выдадзены кнігі, адэкватныя артыкулы ў энцыклапэдыях, каб беларусы ведалі аб велічы сваёй культуры, якая паўплывала на разьвіцьцё таксама іншых народаў.
Валеры Буйвал