ЛІСТАПАДАЎСКІ СОЙМ

16 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў віншавальны выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступоўцы прааналізавалі прычыны і характар цяперашняга фінансава-эканамічнага крызісу. Гісторыя і актуальныя падзеі паказваюць, што краіны, дзе існуе эканамічная і палітычная свабода, дадуць рады, мабілізуюць творчыя сілы грамадзтваў і выйдуць з крызісу яшчэ больш моцнымі. А вось алігархічна-мафійная сістэма Расеі ужо цяпер дэманструе няздольнасьць да вырашэньня вострых эканамічных праблемаў. Абвал цэнаў на энэрганосьбіты вядзе да абвалу ўсёй гэтай прагнілай сістэмы. Не выпадкова расейская прапаганда пераконвае грамадзтва ў тым, што “у крызісе вінаватая Амэрыка”, што зьяўляецца хлусьлівай дэзінфармацыяй. Аналітыкі і аглядальнікі ў самой Расеі і на Захадзе адзначаюць, што крамлёўскае кіраўніцтва бярэ курс на вайну. Ваенны канфлікт “мясцовага значэньня” (як думаюць у Крамлі) дапаможа пераключыць увагу расейскага грамадзтва з жыцьцёвых праблемаў на чарговага “ворага, якога трэба зьнішчыць”.

Агрэсія Расеі супраць Грузіі і разьмяшчэньне расейскіх ракетаў у Калінінградзкім рэгіёне і ў Беларусі — гэта толькі першыя крокі да буйнамаштабнай ваеннай авантуры. Масква ня будзе рызыкаваць і, як гэта часта бывала ў мінулым, хоча выкарыстоўваць Беларусь у якасьці пляцдарма для ваенных авантураў. Наша краіна, якая ня мае мяжы з агрэсіўным імпэрскім суседам, можа стацца першай ахвярай крамлёўскага мілітарызму і крывавай арэнай ягоных злачынстваў. Насуперак здароваму сэнсу і нашым нацыянальным інтарэсам прамаскоўскі рэжым усё больш завязвае беларускую эканоміку і фінансавую сістэму на Расею. Згубная палітыка вядзе да катастрофы і нашу краіну. Многія беларусы пачынаюць разумець, што пры гэтым рэжыме нармальнае разьвіцьцё і цывілізаванае існаваньне немагчымыя.

Людзі шукаюць выйсьця. Няма ўжо наіўнай веры ў выбары і нейкія электаральныя альтэрнатывы. Перамога народнага байкоту падчас нядаўняга выбарчага фарсу засьведчыла страту рэжымам даверу ў народу. Разам з тым беларусы ўбачылі прадажную сутнасьць прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, якой гэтым разам не ўдалося ашукаць людзей. Падстаўныя псэўдаапазыцыянэры павінны быць выдалены з беларускага палітычнага жыцьця. Трэба давесьці да беларусаў усю праўду пра іхную скарумпаванасьць і працу дзеля чужых інтарэсаў. Многія беларусы пытаюцца: а што ж рабіць сёньня, як ратавацца і ратаваць сваё ад падступнага ворага? Ёсьць цывілізаваны і вельмі эфэктыўны спосаб самаабароны грамадзтва. Беларусы павінны размаўляць на сваёй мове ўсюды, між сабой, на працы, дома, у публічных месцах. Чужынцы, якія куражацца на нашай зямлі, адразу апынуцца ў неспрыяльным для іх асяроддзі. Яны адразу адчуюць, што яны чужаніцы і што гэтая краіна належыць ня ім, а беларускаму народу. Ім стане няёмка пасярод Народнай Салідарнасьці беларусаў. Гэта будзе магутны крок на шляху вызваленьня нашай Айчыны. І ня трэба саромецца, казаць, што “я яшчэ кепска валодаю роднай мовай”. Трэба пераадольваць комплексы. Мы — на сваёй зямлі, нашая нацыянальная маёмасьць належыць нам, а не прыхадням-прайдзісьветам з няшчаснай Расеі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Беларусы вяртаюцца з Масквы і іншых расейскіх вобласьцяў, дзе яны працавалі ў расейскім рабстве. Крызіс спыніў будаўнічую дзейнасьць, разваліліся будаўнічыя фірмы. У Расеі зачыняюцца прадпрыемствы, людзей масава звальняюць, не выплочваюць заробкі. Нават у цэнтральных вобласьцях эўрапейскай часткі РФ насельніцтва, штурмуючы крамы, на апошнія грошы выкупіла ўсе харчовыя прадукты, рыхтуючыся да дэфіцыту і голаду. Расейцы пазбаўляюцца ад расейскіх рублёў і скупляюць амэрыканскія даляры. Ніхто ня верыць крамлёўскай тэледэмагогіі. Беларусы, што працавалі ў Расеі, заклікаюць да ўзьвядзеньня трывалай кантралюемай мяжы з Расеяй, адкуль у бліжэйшай будучыні на Беларусь могуць хлынуць галодныя і агрэсіўныя натоўпы. У той жа час антыбеларускі рэжым зьнішчае беларускі бізнэс — гэтыя зьвесткі прыходзяць з усіх рэгіёнаў Беларусі. У большасьці выпадкаў крамы, аб’екты гандлю і вытворчасьці, якія належаць беларусам, “ствараюць канкурэнцыю” расейскім бізнэсоўцам, што разгортваюць сваю дзейнасьць на нашай тэрыторыі. Выратаваць нашую краіну мы можам толькі сумесным супрацівам расейскай агрэсіі.

Былі абмеркаваны пытаньні арганізацыйнай партыйнай працы і бліжэйшыя мерапрыемствы Фронту і Партыі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

16 лістапада 2008 г.