НЯМА ПАЛІТЫКАЎ, ЁСЬЦЬ КЛЕРКІ

31 кастрычніка 2008 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляла з Берліна. Тысячы людзей сабраліся на сталічным аэрадроме Тэмпэльгоф, каб павітаць апошні старт самалётаў з гэтай даўняй пляцоўкі. Стартавалі два музэйных самалёты. Улады вырашылі зачыніць гэты гістарычны аэрапорт. Менавіта ў Тэмпэльгофе праходзіла знакамітая гуманітарная апэрацыя дапамогі насельніцтву. У 1948 г. Сталін загадаў арганізаваць блакаду Заходняга Берліна, каб згаладнелае насельніцтва папрасілася ў ягоны “пралетарскі рай”. Былі зачынены для транспарту з Захаду ўсе чыгункі, каналы і шасэйныя дарогі. Тады заходнікі вырашылі забясьпечваць вялізны горад і мільёны насельнікаў па паветраным мосьце. На працягу амаль года кожныя паўтары хвіліны на Тэмпэльгофе прызямляўся брытанскі або амэрыканскі самалёт з грузамі. Прывозілі нават паліва для заходне-берлінскіх фабрык. Берлінцы віталі сваіх выратавальнікаў. Каля ста брытанскіх і амэрыканскіх лётчыкаў загінулі падчас гэтай акцыі ў аварыях. Крамлёўская блакада правалілася. Саветы вымушаны былі зьняць кардоны.

Наш камэнтр: Яркі прыклад сапраўднай эўрапейскай салідарнасьці ў сумесным супрацьстаяньні маскоўскаму варварству. Былі тады на Захадзе сапраўдныя палітыкі, быў імпэт барацьбы і радасьць перамогі. Калі ў 1991 г. пачала развальвацца маскоўская імпэрыя, на лібэральным Захадзе ўжо практычна не было палітыкаў, былі клеркі. І дзейнічалі яны адпаведна. Напрыклад, каб дапамагчы Летуве, якой у 1991-93 гадах Масква арганізавала разбуральную эканамічную блакаду, дастаткова было прыслаць у Летуву два танкеры з нафтай. Заходнікі нічога не прыслалі. Але народы выстаялі. Цяпер брусэльская плутакратыя гуляецца з менскім прамаскоўскім рэжымам і прамаскоўскай “апазыцыяй” у “лібэралізацыю” і пад гэтым прыкрыцьцём здае Беларусь у расейскую імпэрыю. Але выстаіць наш народ, не паддасца на салодка-фальшывыя сьпевы брусэльскіх сірэнаў.

Алесь Хадасевіч