АБАВЯЗАК СЁНЬНЯШНІХ ПАКАЛЕНЬНЯЎ

4 лістапада 2008 г. Французкая газэта “Le Monde” публікуе здымкі з архіва ўдзельніка Першай сусьветнай вайны Фэрнана Лё Баі. Здымкі камэнтуе ягоны праўнук Жэром Вэру. Публікацыя прысьвечана 90-годдзю з дня заканчэньня Вялікай вайны (1914-18 гг.). На здымках суровыя будні акопнага жыцьця, цяжкія маршы пяхоты, партрэты французкіх жаўнераў.

Наш камэнтар: Па ўсёй Заходняй Эўропе пачынаюцца шырокія мерапрыемствы, прысьвечаныя ўгодкам заканчэньня Вялікай вайны. Усе СМІ і выдавецтвы выпускаюць тэксты і ілюстрацыі, прысьвечаныя даўняй трагедыі. Сотні тысячаў людзей рыхтуюцца да падарожжа на месцы баёў, каб пакланіцца памяці сваіх продкаў. Сіла чалавечай памяці і культурны ўзровень мерапрыемстваў сапраўды ўражваюць. Асабліва ў параўнаньні з вечна савецкім варварствам, якое прыкрывалася і прыкрываецца дагэтуль хлусьлівым лёзунгам “Нікто не забыт, нічто не забыто”. На самай справе маскоўская хунта, а цяпер яе крамлёўскія спадчыньнікі і марыянэткі на працягу дзесяцігоддзяў “не заўважалі” мільёны чалавечых парэшткаў і безыменных магілаў на месцах баёў Першай і Другой сусьветных войнаў. З памяці беларускага народу Вялікая вайна 1914-18 гадоў выкрэсьлена зусім грунтоўна. Антыгістарычная псэўданавука і прапаганда называюць усіх удзельнікаў той вайны “рускімі” або “немцамі”. Нібыта не было аднаго мільёна беларускіх жаўнераў, афіцэраў і генэралаў, якія змагаліся тады на розных франтах і флётах. Абавязак сёньняшніх пакаленьняў — адрадзіць памяць пра нашых змагароў і нашыя ахвяры.

Янка Базыль