ТЫПОВАЯ ГІСТОРЫЯ

4 лістапада 2008 г. Іспанская газэта “El Mundo” публікуе рэцэнзію на новую біяграфічную кнігу пра Генрыха Гімлера аўтарства гісторыка Пэтэра Лонгэрыха. Аўтар называе Гімлера, начальніка жахлівага СС, адной з ключавых постацяў гітлерскага рэжыму. Адзначае, што крыважэрнага Гімлера часам спыняў нават сам Гітлер. У той жа час Гімлер на прыканцы вайны вёў актыўныя закулісныя перамовы з кіраўніцтвам антыгітлераўскай кааліцыі, спрабаваў выратавацца. Ён атруціўся 22 траўня 1945 г. у брытанскім палоне.

Наш камэнтар: Вядома, што Гітлер вельмі давяраў свайму вернаму кату. Але менавіта Гімлер першым пачаў за плячыма фюрэра перамовы з заходнімі краінамі і СССР (з Масквы рэй вёў ягоны калега Берыя) аб ліквідацыі Гітлера і мірным пагадненьні яшчэ з 1944 г. У апошнія дні красавіка 1945 г. у сваім бункеры Гітлер урэшце даведаўся аб канчатковай здрадзе свайго вернага партайгэносэ, загадаў выключыць яго з нацыстоўскай партыі і расстраляць (ды было ўжо позна — Гімлер схаваўся ў гарах).

Тыповая гісторыя кожнай антынароднай дыктатуры. Першымі дыктатара здаюць і дамаўляюцца з праціўнікамі на ягоную ліквідацыю менавіта запісныя дзяржыморды і найбольш актыўныя каты народа. Мы яшчэ ўбачым усё гэта на палітычнай арэне Масквы і Менска.

Юрка Марозаў