10 лістапада 2008МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ НА ДЗЯДЫ Ў ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ9 лістапада сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ арганізавалі традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар Дзядоў. Людзі сабраліся каля палаца культуры “Лошыцкі” у Менску і прайшлі шэсьцем да месца, дзе пахаваны ахвяры расейскага акупацыйнага тэрору 1937-41 гадоў. У Лошыцкім Яры НКВД расстраляла тысячы беларусаў. У 1990-х гадах фронтаўцы ўсталявалі на гэтым месцы манумэнтальны крыж. Людзі ішлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і выявамі Пагоні, Несьлі транспаранты “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму” і “Беларуская Салідарнасьць — наш супраціў расейскай акупацыі”.Мэмарыяльны мітынг у Лошыцкім Яры распачаўся сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Быў зачытаны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “Дзяды ў Лошыцы” (публікуецца). Выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, а таксама сп. Валеры Буйвал і сп. Алесь Чахольскі, сакратары Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы нагадалі, што Лошыцкі Яр — адно з шматлікіх месцаў, дзе расейскія акупанты забівалі беларусаў. Рэжым дагэтуль спрабуе зьнішчыць магілы пакутнікаў. Пабудаваных тут гаражоў рэжыму падалося мала. Ёсьць праект пабудовы жылых дамоў на гэтым трагічным месцы.Беларусам трэба абараняць сьвятыню ад варварства. Не выпадкова нашчадкі акупацыйнага рэжыму спрабуюць схаваць сьляды расейскіх злачынстваў. Яны імкнуцца падмануць беларускі народ “выгодамі саюзнай дзяржавы” і завабіць нас у маскоўскі палон. Але беларусы павінны абараніць сваю зямлю ад расейскай агрэсіі, каб не паўтарыліся жахі расейскай акупацыі. Менавіта ў Лошыцы апыналіся беларусы, ашуканыя савецкай прапагандай пра “пралетарскі рай” у СССР. Яны беглі праз польска-савецкую мяжу з Заходняй Беларусі, а іх арыштоўвалі і накіроўвалі сюды, у спэцкамэндатуру НКВД — на катаваньні і сьмерць. Кожная беларуская сямья мае сваіх пакутнікаў, мільёны беларускіх жыцьцяў былі зламаныя і зьнішчаныя маскоўскімі акупантамі. Памяць аб Дзядах павінна злучаць нас. Мы не павінны дазволіць, каб такое паўтарылася ізноў.Выступоўцы казалі пра цяперашні крызіс у расейскай імпэрыі. Хворая, недаразьвітая імпэрская сістэма перажывае пэрыяд упадку. Расейскія капіталісты з сваімі крывавымі капіталамі ўцякаюць за мяжу, каб выратавацца. Мільёны людзей губляюць працу. Эканоміка валіцца. Вось да якой сістэмы прывязаў нашу Беларусь мясцовы прамаскоўскі рэжым. Надта ж высокі кошт арыентацыі нашай эканомікі і нашых фінансаў на Расею і расейскі рубель. Неабходна ратаваць краіну ад гэтага няшчасьця, абіраць шлях супрацоўніцтва з цывілізаванымі краінамі.Нармальнае жыцьцё беларусаў магчымае толькі ў незалежнай ад Імпэрыі Зла хрысьціянскай дзяржаве і ў эўрапейскай цывілізацыі. Тады будуць ушанаваны помнікамі ўсе месцы пакутніцтва нашага народу. Тады ня будзе блюзьнерыць у нашых сьвятынях нахабны прайдзісьвет. Шлях да перамогі над Злом — наша народная Беларуская Салідарнасьць.Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа” і ўсклалі да Крыжа кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы.Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ9 лістапада 2008 г.