МАРНЫЯ НАМАГАНЬНІ ФАЛЬСІФІКАТАРАЎ

Успомнім, як “демократіческая пресса” давала інфармацыю перад Дзядамі-2008. Ўсімі спосабамі спрыялі арганізатарам збору людзей на ўскраіне Менску, каля Усходніх могілак. Прыдумалі нават міф пра тое, што гэта і ёсьць сапраўдны традыцыйны маршрут шэсьця на Дзяды. Інфармацыя ад Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ пра неабходнасьць праводзіць шэсьце праз цэнтар сталіцы або замоўчвалася, або перакрывалася шматслоўнымі анонсамі імітатараў-прагматыкаў пра Усходнія могілкі ды лямантам “Усім трэба быць разам, разам!”

Хаця “разам” ісьці ў адной калёне прагматыкі якраз і не захацелі. Звычайна, пасьля расколу БНФ прагматыкі сьвята Дзядоў не адзначалі, а тут вырашылі. Ну і дзякуй Богу. І тады лямант паднялі журналісты і журналісьцікі (у асноўным з тых, што некалі пад'юджвалі раскол Фронту), “чаму ня разам?” “чаму ня разам?”. Ім няймецца, бо ўсё спакойна.

Каб выратаваць правальную публіку, журналісты часам ня дбалі пра адпаведнасьць. На сайце Радыё Свабода напрыклад (якое старалася, ўсё ж, рознабакова паказаць падзею) быў зьмешчаны сярод іншых не актуальны здымак з Курапатаў, а нейкае фота, зробленае некалі даволі даўно, толькі не 2 лістапада сёлета. Каля Крыжа Пакутаў функцыянер схаванага фронту Янукевіч апускае сьцяг над В. Вячоркам. А Вінцук (што звычайна пакланяецца мамоне) карцінна кладзе перад Крыжам кветкі. Фальшыва, праўда, але ж во бачыце як яно тое.

Мы ўжо ня раз казалі, што прагматыкі разбэсьцілі цэлае пакаленьне актыўнай беларускай моладзі. Шмат павырастала маладзёнаў з прэтэнзіямі, але бяз гонару і сумленьня, бяз ведаў і павагі, без разуменьня як трэба сябе паводзіць. Прагматыкі не пакінулі ў спакоі (што вельмі абуральна) нават традыцыйнае шэсьце пад кіраўніцтвам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Раз-пораз наперад спрабавалі забегчы маладзёны з нейкімі аранжавымі сьцягамі, на якіх было напісана “Маладая Беларусь” і быў бачны нейкі чорны сілуэт з дзюбай (здаецца, галава грыфа ці яшчэ якой дзікай птушкі, за дакладнасьць не ручаюся). Ззаду імі камандваў высокі, гладкі маладзён. Прыглядзеўшыся, людзі пазнавалі нядаўна разрэклямаванага “героя” Фінькевіча. Фінькевіч махаў рукамі і гукаў: “Наперад! Уразайцеся!” “Урэзацца”, аднак, не атрымлівалася. Жанчыны-фронтаўкі адганялі гэтых з апэльсінава-мандарынавымі сьцягамі і тлумачылі маладым, што яны сталіся інструмантам правакацыі і шальмаваньня. Людзі пыталіся ў супольнікаў Фінькевіча: “Чаму вы не ідзеце пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам? Чаму вы размаўляеце па-расейску?” Некаторыя з аранжавых рэзка адказвалі ім, што “у нас два языка, какая разніца?”

Цяпер зразумела, якую дзялянку варожыя Беларусі сілы выдзелілі арганізатарам новай, гэтым разам аранжавай пустышкі. Яны — “за Белоруссію, но на русском языке”. Вось такі ён, маладзён Фінькевіч. Беларусы, аднак, паразмаўлялі спакойна зь некаторымі хлопцамі і дзяўчатамі з гэтай суполкі. Аказалася, што многія зь іх дэзарыентаваныя, але, здаецца, талковыя маладыя людзі.

У чарговы раз падстаўныя попікі-гапоны вядуць у тупік патрыятычную моладзь. Рассыпалася ўжо столькі розных “зуброў”, “легіёнаў”, “выбранецкіх шыхтоў” і іншых фантомаў. Але ў чарговы раз нягоднікі спрабуюць надурыць фальшывымі ідэямі і экзатычнай сымволікай маладых людзей. Не атрымаецца. Урэшце рэшт сапраўдныя маладыя патрыёты разьбяруцца, у чым розьніца паміж траскучымі лёзунгамі і сьвятой нацыянальнай справай.

Янка Базыль